Праект партала
Рэч Паспалітая Валерыян Пратасевіч паспеў першы. 450 год таму пачалося стварэнне Віленскага ўніверсітэта
08.10.2020 / 19:50

Тады, у другой палове XVI стагоддзя, вырашалася, хто першым арганізуе ў Вялікім Княстве Літоўскім вышэйшую адукацыю, — каталікі ці пратэстанты. Ад гэтага залежала, у якім рэчышчы будзе далей развівацца дзяржава. Першымі паспелі каталікі — з беларусам Валерыянам Пратасевічам на чале, піша Алесь Белы.

Фундатарскі партрэт Валерыяна Пратасевіча з нагоды заснавання Віленскага калегіума ў 1570 годзе. Wikimedia Commons.

Постаць віленскага біскупа Валерыяна Пратасевіча застаецца ў нашай гістарыяграфіі, а асабліва ў папулярнай літаратуры, крыху ў цяні. Ён не напісаў значных літаратурных або публіцыстычных твораў, якія захавалі б сваё значэнне да сёння, не праславіўся як вялікі будаўнік або рэфарматар гаспадаркі, ці тым больш як ваяр. Але галоўная заслуга ягонага жыцця — стварэнне Віленскага ўніверсітэта — настолькі значная ў нашай інтэлектуальнай гісторыі, што ў пэўнай ступені дазваляе ставіць імя Валерыяна Пратасевіча недзе побач з імёнамі Францыска Скарыны і Льва Сапегі. 

Шляхціч з Русі Белай

Валерыян Пратасевіч нарадзіўся недзе ў прамежку 1505—1510 гадоў у невялічкім радавым маёнтку Шушкава каля мястэчка Крайск (на тэрыторыі сучаснага Лагойскага раёна). Часам яго прозвішча можна сустрэць у форме Пратасевіч­Шушкоўскі. Паходжанне роду не да канца высветленае, яму прыпісваюць і літоўскія, і латгальскія карані. Але як бы там ні было спачатку, выглядае, што на момант нараджэння Валерыяна Пратасевічы былі ўжо русінамі. Прынамсі, як такога Валерыяна Пратасевіча ўспрымаюць у цяперашняй польскай і літоўскай гістарыяграфіі, і здаецца, што ён быў ім і для сучаснікаў.

«A Валерыян кім быў?» — «Я казаў, што шляхцічам з Русі Белай», — так у размове з каралём Жыгімонтам III Вазам у 1592 годзе назваў яго дзяржаўны дзеяч ВКЛ Геранім (Яраш) Валовіч. Але ці сам Валерыян, ці яшчэ ягоны бацька перайшлі з праваслаўя, якое вызнавалі спачатку, у каталіцкую веру.

Невядома, дзе Валерыян Пратасевіч атрымаў добрую адукацыю і ў які момант быў высвечаны ў ксяндзы. Ёсць, аднак, звесткі, што на пачатку 1530-­х па пратэкцыі жамойцкага старасты Станіслава Кезгайлы яго прынялі на службу да каралевы Боны, і хутка Пратасевіч увайшоў да яе ў давер як здольны адміністратар. У 1532—1544 гадах ён быў ужо пісарам велікакняжацкай канцылярыі і кіраваў маёнткамі Боны на тэрыторыі ВКЛ. У гэты час ён жыў галоўным чынам у Вільні, выязджаючы час ад часу на каралеўскі двор у Кракаў для справаздач. 

Вернасць інтарэсам Боны ўплывала на даволі хуткую кар’еру. У 1533­-м Пратасевіч стаў жамойцкім канонікам (членам рады пры епіскапскай кафедры, якая звалася капітулам), у 1537-­м — віленскім канонікам, каля 1544—1545 гадоў — дэканам Віленскага капітула.

А ў 1544 годзе, калі спадкаемца трона, сын Боны Жыгімонт Аўгуст пачаў кіраваць Літвой амаль самастойна, Валерыяна Пратасевіча прызначылі вялікім літоўскім пісарам і сакратаром вялікага князя. Ён адзначаўся выдатным веданнем менавіта «рускай» канцылярыі ВКЛ, корпуса яе дакументаў, разуменнем іх практычнага сэнсу і сувязі з гаспадарчым жыццём. 

У дадатак да гэтых дзяржаўных абавязкаў павялічыліся і ўласна духоўныя, бо ў 1547 годзе Валерыян Пратасевіч стаў луцкім біскупам, а праз 9 год — віленскім, гэта значыць галоўным біскупам сярод усіх, якія ўвогуле былі ў ВКЛ.

Вакол адны пратэстанты

У момант, калі Пратасевіч заняў віленскую кафедру, становішча каталіцкай рэлігіі як дзяржаўнай было пад пытаннем. Большасць парафій акурат тады перайшла пад кантроль пратэстантаў. Каталіцызм утрымліваўся толькі ў асяроддзі трох біскупскіх курый і ў некалькіх парафіях, якія знаходзіліся пад патранажам вялікага князя. Тагачасны нефармальны лідар польскіх каталікоў Станіслаў Хозій скардзіўся ў 1555 годзе, што ў Польшчу пратэстантызм прыходзіць не столькі з Захаду, колькі з Літвы. 

Мемарыяльная дошка ў памяць Валерыяна Пратасевіча ў Вялікім двары Віленскага ўніверсітэта. Wikimedia Cammons.

Папярэдні віленскі біскуп Павел Гальшанскі нічога не мог зрабіць пратэстантам, бо іх падтрымлівалі віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны і большасць іншых ваяводаў і кашталянаў. Радзівілы і іншыя буйныя магнацкія роды рашуча падтрымлівалі Рэфармацыю, разлічваючы з яе дапамогай дамагчыся свайго дамінавання ў ВКЛ і заадно ўзмацнення незалежнасці Вялікага Княства ад Польшчы. 

Многія праваслаўныя таксама пераходзілі ў кальвінізм або іншыя пратэстанцкія плыні, бо бачылі ў гэтым шанец эмансіпацыі для русінаў у літоўска­каталіцкай па сваім характары дзяржаве. Але зацятыя рэлігійныя спрэчкі істотна аслаблялі ВКЛ, што неўзабаве праявіцца ў серыі ваенных няўдач у Інфлянцкай вайне і страце стратэгічна важнага Полацка.

Хоць у момант заняцця віленскай кафедры на Пратасевіча ўскладаліся вялікія спадзяванні па спыненні Рэфармацыі, ён доўгі час іх не спраўджваў. Выглядае, што ён быў даволі мяккім і гуманным чалавекам, не надта схільным да гвалту. З іншага боку, і тэхнічных магчымасцяў ужыць гвалт у дачыненні да пратэстантаў у ягоных руках не было. Рэфармацыя распаўсюджвалася праз пісанае і друкаванае слова, заваёўваючы сэрцы больш блізкай тагачаснаму чалавеку аргументацыяй. Спыніць яе мог не так гвалт, прыхільнікаў якога амаль не было і сярод саміх каталікоў, як прадуманая і таленавітая контраргументацыя. Апеляцыя ў тым ліку да эмацыйнага, пачуццёвага боку чалавечай свядомасці. І сістэматычная адукацыя, перадусім духоўных асоб, але таксама і цывільных, у патрэбным Касцёлу духу. 

А ўніфікаванай і разгорнутай сістэмы адукацыі на той момант не было ні ў каталікоў, ні ў пратэстантаў. Нават сістэмы духоўных семінарый не існавала, як і абавязковага стандарту ведаў, патрэбных для высвячэння на святара.

Патрэбу ў цывільнай вышэйшай адукацыі задавальняў у рэгіёне Кракаўскі ўніверсітэт, але ён быў далёка і дазволіць сабе навучанне ў ім маглі толькі выхадцы з вельмі заможных сем’яў.

Справы дзяржаўныя

Тым часам з Еўропы даходзілі звесткі пра значныя поспехі езуітаў у справе адукацыі і контрпрапаганды. Першыя спробы наладзіць з імі кантакты Пратасевіч зрабіў яшчэ ў 1553 годзе на пасадзе луцкага біскупа. Тады ён звяртаўся да папскага нунцыя Джавані Франчэска Камендонэ з просьбай паспрыяць запрашэнню езуітаў у ВКЛ. Але, відаць, быў недастаткова настойлівым у гэтых просьбах, бо нічога не дабіўся. З іншага боку, магчыма, што для такога кроку тады не была падрыхтаваная глеба ў самой краіне. Хто мусіў даць запрошаным езуітам гарантыі абароны і патрэбныя рэсурсы? 

Да таго ж занятасць дзяржаўнымі справамі, якой Пратасевіча пастаянна папракаў віленскі капітул, не давала сканцэнтравацца на справах рэлігійных (і адукацыйных у тым ліку). Адным з найбольш затратных па часе абавязкаў быў удзел у падрыхтоўцы другой рэдакцыі Статута ВКЛ, што быў уведзены ў дзеянне ў 1566 годзе. Гэта, у сваю чаргу, прадугледжвала і дэталёвыя перамовы з прадстаўнікамі праваслаўнай шляхты па ўраўноўванні правоў. 

Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта і касцёл Святых Янаў (так ён да таго часу стаў называцца, у гонар адразу Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста). Малюнак з Віленскага альбома Яна Казіміра Вільчынскага, 1850 год.

З захопам Полацка Масковіяй у 1563 годзе і пагрозай страціць усю гістарычную Русь актуальнасць гэтай працы рэзка ўзрасла. Таму Віленскі прывілей 1563 года, які зацвярджаў верацярпімасць, і Бельскі прывілей 1564 года, які істотна пашыраў палітычныя правы шараговай шляхты, у падрыхтоўцы якіх Пратасевіч браў актыўны ўдзел, фактычна выратавалі дзяржаву ад распаду. Цікава, што ў гэты момант у складзе паноў­рады (найвышэйшы калегіяльны орган дзяржаўнай улады ў ВКЛ) каталікамі былі толькі ён і жамойцкі біскуп Ян Даманоўскі. Усе астатнія ваяводы і кашталяны былі пратэстантамі, прычым амаль палова з іх — нядаўнімі выхадцамі з праваслаўя. 

Вялікую ролю віленскі біскуп адыграў і ў падрыхтоўцы Люблінскай уніі 1569 года (гл. пра яе артыкул Уладзіміра Падалінскага ў № 6/2019 «Нашай гісторыі»). Хоць многія сучасныя патрыёты лічаць яе «дзяржаўнай здрадай», на той момант ёй наўрад ці была асаблівая альтэрнатыва, бо без дапамогі Польшчы адбіцца ад пагрозы з усходу не было ніякай магчымасці.

А Пратасевіч выступаў менавіта за федэратыўны лад Рэчы Паспалітай, не за паглынанне Польшчай. І ў далейшым ён не раз уздымаў голас за захаванне тых атрыбутаў літоўскай дзяржаўнасці, якія уніяй гарантаваліся. 

Таму сімвалічна, што ён прысутнічае на славутай карціне Яна Матэйкі «Люблінская унія», напісанай у 1869 годзе да 300­годдзя гэтай эпахальнай падзеі (гэтае велізарнае палатно экспануецца ў Любліне, а ў № 6/2019 «Нашай гісторыі» быў зроблены яго разбор). Праўда, на карціне шмат недакладнасцяў. Пратасевіч, хоць і шмат высілкаў прыклаў для уніі і быў яе перакананым прыхільнікам і надалей, на самім яе заключэнні не прысутнічаў праз кепскі стан здароўя.

А на карціне воляй Матэйкі ён сядзіць у фатэлі на пярэднім плане злева, у цёмна­блакітнай вопратцы, і гатовы, здаецца, ад узрушэння вось­вось падскочыць. Але гэтая недакладнасць яшчэ не самая значная: вядомы пратэстанцкі дзеяч Ян Ласкі, які Пратасевіча на карціне падтрымлівае і суцяшае, увогуле памёр за 9 гадоў да тых падзей. Магчыма, Матэйка ўключыў яго ў кампазіцыю, каб праілюстраваць славутую ягелонаўскую верацярпімасць.

Валерыян Пратасевіч (на пярэднім плане — у крэсле злева) на карціне Яна Матэйкі «Люблінская унія 1569 года». Праўда, насамрэч біскупа на падпісанні дакумента не было: ён тады хварэў. Wikimedia Commons.

Езуіты едуць

Унія была калектыўным рашэннем дзяржаўных эліт ВКЛ і Польшчы. А вось стварэнне ў Вільні езуіцкага калегіума, які вельмі хутка вырас ва ўніверсітэт, — персанальная заслуга Пратасевіча. 

Падрыхтоўка да адкрыцця навучальнай установы пачалася ў 1563 годзе, калі віленскі біскуп звязаўся з кіраўнікамі езуітаў Аўстрыйскай правінцыі, якія кіравалі членамі гэтага ордэна ў Польшчы. 

Віленскі біскуп вельмі баяўся паспяховага выканання завяшчання Мікалая Радзівіла Чорнага, згодна з якім выдзяляліся вялікія сродкі на заснаванне рэфармацкай школы ўзроўню калегіума. У нейкім сэнсе ад таго, хто створыць калегіум раней, залежала будучая рэлігійная і цывілізацыйная прыналежнасць дзяржавы. Апроч таго, канкурэнцыю складаў лютэранскі ўніверсітэт у Кёнігсбергу. Многія маладыя ліцвіны і нават русіны выязджалі туды на вучобу, пасля чаго многія з іх змянялі рэлігію або і зусім не вярталіся дадому. 

Хоць і марудна, але езуіты, якіх на той момант і ў Польшчы была ўсяго жменька, пачалі рыхтаваць кадры будучых выкладчыкаў Віленскага калегіума. У 1568 годзе абяцанне стварыць калегіум, якога чакалі перадавыя прадстаўнікі ўсіх канфесій, прагучала як каралеўскае слова ад Жыгімонта Аўгуста на гарадзенскім сойме. Праўда, кароль (гл. пра яго артыкул Андрэя Скурко ў № 2/2020 «Нашай гісторыі») не належаў да тых людзей, якія цвёрда трымаюць абяцанні і прыкладаюць вялікія высілкі ў складаных праектах. Таму ў дзяржаўным скарбе для гэтай справы грошай не знаходзілася. 

Але Пратасевіч за гады знаходжання на высокіх пасадах назапасіў істотныя асабістыя сродкі, якія яму ўсё адно не было каму пакінуць у спадчыну: каталіцкія святары сям’і закладаць не маюць права. А тут якраз надышоў момант дзейнічаць рашуча.

Біскуп купіў для будучага калегіума каменны дом у Вільні, каля касцёла Святога Яна, і запрасіў езуітаў з Бранева на поўначы Польшчы, дзе тыя з 1564 года паспелі стварыць вялікі адукацыйны асяродак. Першыя з будучых выкладчыкаў прыбылі ў сталіцу ВКЛ у верасні 1569-­га. Істотнае значэнне мела абвешчаная для іх Пратасевічам перспектыва місіянерскай працы па навяртанні ў каталіцызм Маскоўскай дзяржавы, Швецыі і Лівоніі, базай для чаго мусіла стаць Вільня. 

Пратэстанты, якія па­ранейшаму вялі рэй у сталіцы, не хацелі пускаць у яе езуітаў, і біскупу Валерыяну давялося сустракаць іх і праводзіць з узброеным канвоем. І ў далейшым ён не скупіўся ва ўкладаннях: апроч вялікага будынка для заняткаў, быў набыты і дом пад канвікт (інтэрнат) для студэнтаў. Для забеспячэння фінансавых патрэб навучальнай установы Пратасевіч падарыў езуітам некалькі фальваркаў і вёсак каля Ліды, Трокаў, мястэчак Майшагола і Шырвінты (на тэрыторыі сённяшняй Літвы). А яшчэ праз год, у 1571­-м, ён пераканаў Жыгімонта Аўгуста перадаць езуітам віленскі касцёл Святога Яна, лёс якога з гэтага часу стаў трывала звязаны з будучым універсітэтам.

Элегантная перамога

Першыя пробныя заняткі ў яшчэ толькі школе адбыліся ў маі 1570­-га. А 18 ліпеня 1570 года адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця езуітамі фундацыі. 25 ліпеня Валерыян Пратасевіч звярнуўся да вернікаў Віленскай дыяцэзіі і ўсяго ВКЛ з пастырскім пасланнем, у якім афіцыйна інфармаваў аб адкрыцці езуіцкай школы ў Вільні, аб’яўляў пра пачатак заняткаў і запрашаў шляхту дасылаць сваіх сыноў на навучанне. 

Ужо ў кастрычніку пачаўся першы навучальны год для трохі больш як сотні студэнтаў. Навучальная праграма базавалася на традыцыйных, яшчэ сярэднявечных, трывіуме і квадрывіуме. У 1572-­м у калегіуме было ўжо каля 200 вучняў. 

У 2018 годзе ў Бельску на Падляшшы (Польшча) па ініцыятыве мясцовай беларускай грамады паўстаў помнік Вялікаму сойму 1564 года (аўтар — народны майстар з нашага Камянца Анатоль Туркоў). У калектыўным разным партрэце ключавых асоб гэтай важнай падзеі прысутнічае і постаць Валерыяна Пратасевіча (у высокай біскупскай тыяры). Фота Яцэка Пракапюка.

У момант адкрыцця Віленскі езуіцкі калегіум быў усяго толькі трэцім ва ўсёй Рэчы Паспалітай (пасля Бранева і Пултуска). А да сярэдзіны XVIII стагоддзя ў адной толькі сучаснай Беларусі іх было ўжо 16 (і яшчэ з паўтузіна піярскіх). Усе яны выраслі з віленскіх каранёў. 

Атрымаўшы такую базу для Контррэфармацыі, Пратасевіч пайшоў у рашучае наступленне на пратэстантаў. У 1570-­я ён пераканаў перайсці назад у каталіцызм большасць магнатаў з роду Радзівілаў, а сына Мікалая Радзівіла Чорнага Юрыя ў 1574 годзе ўзяў сабе намеснікам — пасля смерці Пратасевіча ён зойме ягоную пасаду. 

У 1577 годзе біскуп заблакаваў спробу арганізацыі ў Вільні пратэстанцкай сярэдняй школы. 

Новы кароль Стэфан Баторый, сам гадаванец езуітаў, быў у значна большай ступені на баку Пратасевіча, чым Жыгімонт Аўгуст. 7 ліпеня 1578 года выйшаў каралеўскі прывілей на пераўтварэнне калегіума ў акадэмію з правамі ўніверсітэта. Прывілей зраўняў новазаснаваную акадэмію з Кракаўскім універсітэтам у праве прысваення вучоных ступеняў у галінах філасофіі, тэалогіі і свабодных навук. А вось ступені ў галінах медыцыны і права усё ж такі зарэзервавалі за Кракавам. З цягам часу, праўда, гэтыя абмежаванні таксама будуць пераадоленыя, і перад падзеламі Рэчы Паспалітай медыцынскі факультэт Віленскай вышэйшай школы будзе лічыцца найлепшым ва ўсёй канфедэрацыі. 

Прывілей Баторыя быў афіцыйна пацверджаны папам Грыгорыем ХІІІ у кастрычніку 1579 года. Новая вышэйшая навучальная ўстанова атрымала назву «Акадэмія і ўніверсітэт Віленскі Таварыства Езуса» (Academia et Universitas Vilnensis Societatis Jesu — на лаціне). Актам ад 25 жніўня 1578 года Валерыян Пратасевіч пацвердзіў усе свае папярэднія фундушы Віленскай акадэміі, далучыўшы да іх новыя. Заснаваў бурсу для пражывання бедных студэнтаў, названую ў ягоны гонар «Валерыянаўскай». А перад смерцю ён завяшчаў універсітэту сваю багатую бібліятэку і 2 500 злотых на патрэбы кафедральнага храма. Памёр Пратасевіч 31 снежня 1579 года — усяго праз некалькі месяцаў пасля пачатку першага навучальнага года ва ўніверсітэце. 

Значэнне Віленскага ўніверсітэта ў гісторыі Літвы і Беларусі цяжка пераацаніць. На працягу многіх стагоддзяў ён быў галоўным агменем нашай гуманітарнай культуры і прававой традыцыі, кузняй дзяржаўных кадраў. Нават пасля далучэння да Расійскай імперыі ён зазнаў кароткі перыяд росквіту (1815—1830), даўшы пачатак рамантызму ў польскай літаратуры, выхаваўшы сотні славутых выпускнікоў, вядомых ці не на ўсіх кантынентах.

Нават пасля варварскага скасавання Мікалаем І памяць пра ўніверсітэт і ягоныя традыцыі працягвала жыць і натхняць усё новыя пакаленні патрыётаў як Рэчы Паспалітай, так з пэўнага моманту і Літвы, і Беларусі. Яго паспелі скончыць, напрыклад, вучоны-­славіст Міхал Баброўскі (гл. пра яго падрабязней у артыкуле Паўла Церашковіча «Падляшане, якія абудзілі беларусаў» у № 3/2018 «Нашай гісторыі»), паэт і фалькларыст Ян Чачот, многія іншыя прадстаўнікі першай хвалі беларускага адраджэння ХІХ стагоддзя. 

У асяроддзі выкладчыкаў і выпускнікоў Віленскага ўніверсітэта пачатку ХІХ стагоддзя з’явіўся і сам тэрмін «Беларусь» у цяперашняй форме. Аднак ці шмат людзей у Беларусі, перадусім у сістэме адукацыі, усведамляюць каласальную ролю гэтай установы ў гісторыі нашай краіны? Мне падаецца, што не. Вось таму і постаць Валерыяна Пратасевіча, у адрозненне ад суседніх літоўцаў, дагэтуль не прыцягвала вялікай увагі беларусаў.

Алесь Белы