Праект партала
СССР Уздым Акулічаў і расправа над імі. Як пачынала і чым скончыла эліта дакалгаснай вёскі
22.03.2021 / 19:34

Паўстагоддзя працавітыя і прадпрымальныя сем’і былых прыгонных з Лагойшчыны пашыралі і ўмацоўвалі свае гаспадаркі, але ўсё за пару гадоў пайшло на глум. Пра ўздым і падзенне наймацнейшых гаспадароў сваёй малой радзімы піша кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Насевіч.

Помнік на магіле бацькі Янкі Купалы — Дамініка Луцэвіча на Коранскіх могілках. Справа — стэла на магіле Акулічаў.

Могілкі ля аграгарадка Корань, што на Лагойшчыне, найбольш вядомыя сваёй каларытнай мураванай брамай, а таксама тым, што на іх пахаваны бацька Янкі Купалы. Але літаральна за некалькі крокаў ад магілы Дамініка Луцэвіча стаіць не менш цікавы надмагільны помнік, пра гісторыю якога ведаюць толькі старажылы навакольных вёсак. Высечаны з суцэльнага граніту помнік выглядае багата нават па сучасных стандартах. Няцяжка ўявіць, якое ўражанне ён рабіў у час, калі быў пастаўлены — на пачатку ХХ стагоддзя. 

На гранях помніка высечаныя па-польску імёны трох чалавек, прадстаўнікоў аднаго сялянскага роду. Гэта Іван Акуліч, што нарадзіўся ў 1835 годзе і памёр 1 жніўня 1905-га, яго жонка Марыя з Балцэвічаў, якая памерла ў 1879 годзе, пражыўшы 46 гадоў, і адзін з іх сыноў — Даніла, памерлы ў 38-гадовым узросце ў 1897-м. Астатнія сыны, якіх заставалася пяцёра, паставілі гэты помнік каля 1907 года не толькі ў памяць пра бацькоў і брата, але і як маніфест іх і свайго жыццёвага поспеху. На жаль, гісторыя гэта мела сумны фінал.

Шанец для гаспадарлівых

Усё пачалося ў сярэдзіне 1860-х гадоў, калі ў Расійскай імперыі скасоўвалі прыгоннае права. У большасці губерняў рэформу праводзілі так, каб як мага даўжэй захаваць традыцыйную сістэму землекарыстання. Кожны сялянскі двор атрымліваў зямлю адпаведна з памерам сям’і. Пры гэтым за сялянскай грамадой пакідалася права час ад часу пераразмяркоўваць сямейныя надзелы, прыводзячы іх у адпаведнасць са станам кожнай гаспадаркі. 

Але ў заходніх губернях кожны двор звычайна надзяляўся зямлёй раз і назаўжды, фактычна ў прыватную ўласнасць. Праўда, гэтую зямлю належала яшчэ выкупіць у дзяржавы, штогод выплачваючы ўнёсак на пагашэнне выкупной пазыкі. І толькі пасля выплаты ўсёй неабходнай сумы зямельны надзел канчаткова пераходзіў у поўную ўласнасць тых, хто яго апрацоўваў.

На такіх умовах была праведзена аграрная рэформа і ў маёнтку Красны Бор, землі якога прымыкалі з усходу да сяла Корань. Падданыя гэтага маёнтка, усе каталікі (ці, як казалі тады, «польскай веры»), складалі каля 40 працэнтаў прыхаджан Коранскага касцёла. Маёнтак ахопліваў 8 вёсак, у якіх разам было 157 двароў і крыху больш за 1 200 душ. 

Паводле выкупнога акта, падпісанага 8 снежня 1865 года, за былымі прыгоннымі Краснага Бора былі замацаваныя надзелы з разліку прыкладна па 10 дзесяцін на душу мужчынскага полу. Па розных вёсках памеры надзелаў вагаліся, але ў сярэднім на адну гаспадарку прыпадала каля 22 га, у тым ліку 13,7 га найбольш каштоўнай, ворыўнай зямлі. А далей ужо ўсё залежала ад таго, як кожная гаспадарка скарыстаецца з адкрытых рэформай магчымасцяў. 

Старое ўкрыжаванне на браме могілак у Корані. Фота Андрэя Дынько.

У пачатку рэформы ўрад меркаваў, што сяляне будуць выплачваць выкуп за зямлю сваім былым панам у растэрміноўку, але ў 1866 годзе ўсю суму выплаціў памешчыкам дзяржаўны скарб. А для сялян гэта было аформлена як пазыка: нібыта яны пазычылі грошы ў дзяржавы, а цяпер мусяць вяртаць з працэнтамі. Пакуль пазыка не сплачана цалкам, яны былі абмежаваныя ў правах і зваліся «часоваабавязанымі». 

Для былых падданых маёнтка Красны Бор штогадовыя выкупныя плацяжы ў канцы 1860-х — 1870-я гады складалі ў сярэднім каля 10 рублёў з гаспадаркі. Апрача таго, сяляне былі абцяжараныя падушным дзяржаўным падаткам (на тыповую гаспадарку з 7—8 чалавек ён складаў каля 12 рублёў). На земскія падаткі і зборы, што ішлі на мясцовыя патрэбы, і на абавязковае страхаванне прыходзілася разам яшчэ каля 10—15 рублёў. Такім чынам, штогод тыповая гаспадарка мусіла выплачваць прыблізна 30—40 рублёў.

Для кагосьці такія сумы былі па розных прычынах непад’ёмнымі, і іх прымусова раздзялялі на ўсю грамаду. Але для найбольш спраўных, забяспечаных працаздольнай моладдзю гаспадарак умовы аказаліся цалкам прымальнымі. У выніку да пачатку 1880-х гадоў з выкупам на Кораншчыне разлічыліся 7 гаспадарак: Івана Акуліча, Івана і Паўлюка Лісаў, Івана Шэйпы з вёскі Казыры, Піліпа Стасюлевіча і Івана ды Тамаша Ясюкевічаў з вёскі Грамніца. 

Больш познія звесткі пра датэрміновае пагашэнне пазыкі адсутнічаюць. Відаць, толькі гэтым сямі гаспадарам тое і ўдалося, і яны, такім чынам, сталі найбольш паспяховымі сярод былых краснаборскіх прыгонных. А паколькі багацце не звалілася на іх з неба, а было вынікам цяжкай працы і гаспадарчай прадпрымальнасці, то здабытыя пазіцыі захоўваліся, як правіла, і цягам наступных дзесяцігоддзяў.

На пару са шваграм

Адным з казырскіх гаспадароў, якія ў 1880 годзе першымі датэрмінова сплацілі выкупныя плацяжы, быў Іван Данілаў Акуліч, гранітны помнік якому пазней паставілі ўдзячныя сыны. Паказальна, што амаль адразу пасля пагашэння пазыкі ён звярнуўся ў казённую палату з просьбай перавесці яго з сялянскага саслоўя ў мінскія мяшчане. Гэтае хадайніцтва было задаволена ў 1882 годзе. Тым самым сям’я Акулічаў канчаткова парвала з сельскай грамадой, перайшоўшы ў саслоўе з больш выгадным прававым статусам. 

Гранітны помнік на магіле заможных Акулічаў. У 1907 годзе сынам Акулічам не было нагоды думаць, што росквіт іх працавітай сям’і хутка зменіцца сапраўднай бядой. Фота Андрэя Дынько.

Іван Акуліч успадкаваў гаспадарку ад памерлага бацькі Данілы ў другой палове 1860-х гадоў, калі самому яму было трошкі больш за 30. Сыны яго ў той час былі яшчэ малыя. Старэйшаму з іх, Антону, у 1865 годзе было 10 гадоў, а самыя малодшыя, Сямён і Іван, нарадзіліся ўжо ў 1870-я гады. Але Іван з дарослых мужчын у гаспадарцы быў не адзін: яшчэ за часамі прыгону ажаніўся з Іванавай сястрой Мар’янай і перайшоў у гаспадарку ў прымы цёзка Івана па прозвішчы Васіль Тамашоў Акуліч. Менавіта ўпартая праца Івана і яго швагра-здольніка забяспечыла паспяховае пагашэнне пазыкі.

І пасля сям’я Акулічаў працягвала гаспадарыць вельмі паспяхова, тым больш што падраслі сыны і працоўнай сілы ў гаспадарцы дадалося. Дзякуючы таму незадоўга да смерці, каля 1904 года, Іван здолеў набыць хутар Востраў, размешчаны на вялікай выспе сярод балоцістай нізіны. Гэтая гаспадарка стала адзінай на Карэншчыне, апрача маёнтка Красны Бор, якая падчас аграрнага перапісу 1916 года была апісана асобна па форме, прадугледжанай для прыватных землеўладанняў, большых за 50 дзесяцін. 

За хутарам Востраў на той час лічылася 280,5 дзесяціны (звыш 300 га), хоць пад ворывам з іх былі толькі 20. Апрача таго, сям’і Акулічаў належалі былая надзельная зямля пры вёсцы Казыры і набытая зямля ў суседняй Зембінскай воласці. У гаспадарцы меліся млын, конная малацілка, веялка, два сталёвыя плугі. З жывёлы — 3 дарослых коней, 3 маладых і 1 жарабя, 2 валоў, 2 быкі і маладыя бычкі, 4 каровы, 5 цялят і падцёлкаў, 9 авечак, 6 ягнят, 6 свіней і 5 парасят. 

З шасці сыноў Івана на той час жывымі заставаліся чацвёра. З іх самы малодшы, Язэп, народжаны ў 1878 годзе, служыў у расійскай арміі, дзе даслужыўся да чыну штабс-капітана. А на хутары вялі гаспадарку тры браты: Франц, Язэп і Сямён, якім у 1916 годзе было, адпаведна, 60, 52 і 46 гадоў. З іх толькі Сямён быў жанаты і меў вялікую сям’ю: дваіх сыноў і пяць дачок ва ўзросце ад 18 да 2 гадоў.

Лісы і Равіны

Адначасова з Акулічамі паўстагоддзя ад адмены прыгоннага права да Першай сусветнай вайны багацелі і некалькі іншых мясцовых гаспадароў, якія здолелі стаць уладальнікамі значных кавалкаў зямлі. Некаторыя з іх былі з той сямёркі, якая ў пачатку 1880-х першая разлічылася з выкупнымі плацяжамі, а іншыя здолелі падняцца пазней.

У гаспадарцы 60-гадовага ў 1865-м Івана Міхайлава Ліса з Казыроў было значна больш працоўных рук, чым у Акулічаў: у яго тады было пяцёра сыноў ва ўзросце ад 27 да 8 гадоў. Нават калі старэйшы з іх, Павел, неўзабаве аддзяліўся (на момант выплаты пазыкі ён меў 43 гады), ён мог, напэўна, пры неабходнасці разлічваць на дапамогу братоў. А колькасць працаўнікоў у гэтым выпадку была асабліва важная, бо Іван Ліс быў адным з шасці сялян, якія, акрамя надзельных земляў, атрымалі «за былыя заслугі» дадатковы бонус ад мясцовага памешчыка Казіміра Чудоўскага. Івану з гэтага перапала 15 дзесяцін ворыва і 5 дзесяцін сенакосу.

Крыж са столікам на ўваходзе на могілкі. Водгулле старой традыцыі — людзі пакідаюць на ім цукеркі. Фота зробленае на Тройцу. Фота Андрэя Дынько.

Пазней трое сыноў Івана Ліса на дадаткова дакупленых землях заснавалі хутар, які атрымаў назву Куты Лісавічы. Напярэдадні рэвалюцыі двое з Лісаў, Павел і Антон, таксама прыгадваюцца ўжо не як сяляне, а як мінскія мяшчане. У гаспадарцы Антона Ліса з’явілася адна з першых у акрузе конных малацілак. 

Перад Першай сусветнай Антон Ліс, адзіны сярод нашчадкаў краснаборскіх прыгонных, рызыкнуў выправіць малодшага сына Язэпа, народжанага каля 1890 года, на заробкі ў Амерыку. Дзеля гэтага ўсёй сям’ёй яму сабралі 300 рублёў на дарогу. Пасля Язэп разлічваў вярнуцца, каб укласці заробленыя грошы ў гаспадарку. Але неўзабаве выбухнула рэвалюцыя, і Язэп назаўсёды застаўся ў штаце Ілінойс. Пасля Другой сусветнай вайны сваякі атрымалі ад яго ліст, але не рызыкнулі весці ліставанне з замежжам, і на гэтым сувязь абарвалася.

Яшчэ адзін мясцовы «багатыр», Іван Адамаў Равіна з вёскі Міхалкавічы, з дапамогай банкаўскай пазыкі ў 1901 годзе набыў больш за 54 дзесяціны (каля 60 га) зямлі ва ўрочышчы Равы, дзе заснаваў хутар з такой самай назвай. Неўзабаве, праўда, ён аддаў палову купленай зямлі ў пасаг дачцэ, якая выйшла замуж за Міхала Вароньку.

Канец хутара Востраў 

Няцяжка ўявіць, які лёс напаткаў гэтыя элітныя гаспадаркі Карэншчыны пасля рэвалюцыі. Пасля канчатковага ўсталявання тут савецкай улады летам 1920 года большасць набытай цяжкай працай некалькіх пакаленняў зямлі была ў іх проста адабрана. Па стане на 1922 год за жыхарамі хутара Востраў лічылася толькі 25 дзесяцін, з іх 15 ворыўных. Гэтак жа абрэзаныя былі і іншыя заможныя гаспадары, абвешчаныя кулакамі. На хутары Равы ў гаспадарцы Івана Равіны пасля абрэзкі засталося толькі 15 дзесяцін, а ў гаспадарцы ягонага зяця Міхала Варонькі — 10. 

І гэта быў толькі пачатак. Менш чым праз дзесяць гадоў пачалася масавая калектывізацыя, якая суправаджалася кампаніяй раскулачвання. Гэтых людзей яна абмінуць не магла ніяк. У лютым 1930-га былі арыштаваныя гаспадары хутара Востраў: 67-гадовы Язэп і 60-гадовы Сямён Акулічы (іхні старэйшы брат Франц паспеў памерці раней). Абвінавачаныя ў «садзейнічанні бандзе» і антысавецкай агітацыі, яны ўжо 3 сакавіка былі прыгавораныя да расстрэлу. 

Жонку і дзяцей Сямёна выслалі ў Архангельскую вобласць, у сумна вядомы Котлас. Высылкі пазбеглі толькі дзве старэйшыя дачкі, Аліна і Марыя, які былі ўжо замужам. Іх нашчадкі памятаюць, як у канцы 1920-х Сямён Акуліч, які прадбачыў бяду, паспеў выдаць Марыю за жыхара Казыроў Язэпа Рашкевіча і набыў для маладых зямлю на хутары Ставок, каб яны маглі ўтварыць асобную гаспадарку. І гэта сапраўды іх выратавала. Астатнія ж — жонка Сямёна Ядзвіга, 22-гадовая дачка Соф’я, 20-гадовы сын Іван (Ясь), 17-гадовая Станіслава, 14-гадовая Уладзіслава і 11-гадовы Казімір — былі вывезеныя ў глухую тайгу, практычна на голае месца. Сям’я выжыла цаною жыцця Яся, які памёр ад непасільнай працы. Але ягоныя намаганні дазволілі неяк выжыць астатнім.

Парафіяльны дом у Корані. Мясцовы касцёл згарэў у вайну. Фота Андрэя Дынько.

Неўзабаве выйшаў дазвол вяртаць са ссылкі непаўналетніх дзяцей, у якіх заставаліся родзічы на радзіме. Тады старэйшая сястра Аліна з мужам з’ездзілі ў Котлас і прывезлі з сабой Уладзіславу і Казіміра, тым самым, напэўна, выратаваўшы ім жыццё. Уладзіславу прытуліла спярша сям’я Аліны, а потым Марыі. Казіміра ж уладкавалі ў інтэрнат. Тым часам іх маці памерла, а Соф’я і Станіслава выйшлі замуж на месцы ссылкі і пазней засталіся жыць у Валагодскай вобласці. Так найбольш паспяховая сям’я Карэншчыны была раскідана па свеце.

Гаспадарку канфіскавалі дарэшты

Вясной 1930 года хваля арыштаў закранула яшчэ некалькі найбольш заможных у мінулым гаспадарак. Абвінавачанні ўсюды былі аднолькавымі: удзел у бандзе падчас грамадзянскай вайны і антысавецкая агітацыя.

Гаспадарка Івана Равіны на хутары Равы была знішчана непамернымі паборамі. У сакавіку 1931-га было прынята рашэнне аб яе абкладанні падаткам у так званым «індывідуальным парадку». Гэта абгрунтоўвалася тым, што гаспадарка некалі была кулацкай, а зараз, маўляў, падтрымлівае сувязі з кулакамі Польшчы. У якасці пакарання раённая падатковая камісія ацаніла яе прыбытковасць фантастычнай сумай у 2 790 рублёў, з выплатай падатку ў памеры 1 175 рублёў (годам раней Равіна мусіў плаціць усяго 28 рублёў 15 капеек). Прытым гэтую суму належала ўнесці на працягу тыдня.

Ураджэнец Міхалкавічаў Язэп Гладкі, аўтар некалькіх твораў мемуарнага і этнаграфічнага характару, напісаных на эміграцыі пад псеўданімам Адам Варлыга, прыгадваў далейшы лёс гэтай сям’і: «Паўтара кіламетра ад нашай вёскі на адзіноце жыў Равіна: тры сыны, дачка і двое старых. Гаспадарку канфіскавалі дарэшты, але старых, якія мелі кожны каля 70 гадоў, з дарогі адпусцілі. Яны абое хадзілі па ваколіцы, начавалі пад платамі. Калгаснікі баяліся прымаць кулака нанач. Старая зімой 1936 года памерла ў Міхалкавічах пад плотам, а стары дажыў да 1941-га».

Крыж на месцы спаленага касцёла ў Корані. Фота Андрэя Дынько.

Зяць і сусед Равіны, 43-гадовы Міхал Варонька, пратрымаўся крыху даўжэй дзякуючы таму, што ў 1930 годзе ўступіў у калгас, з якога быў неўзабаве выключаны. У кастрычніку 1933 года ён быў арыштаваны па абвінавачанні ў незаконным пераходзе граніцы і антысавецкай агітацыі. Сцвярджалася, што ён займаўся кантрабандай і меў сувязі з бандытамі. Сапраўдным здзекам выглядае рашэнне прэзідыума Коранскага сельсавета аб абкладанні яго гаспадаркі (там засталіся жонка і трое дзяцей) падаткам у індывідуальным парадку, прынятае праз тыдзень пасля арышту гаспадара. Рашэнне абгрунтоўвалася тым, што перад уступленнем у калгас Варонька наўмысна «разбазарыў» усю маёмасць, а да рэвалюцыі нібыта меў 60 га зямлі (хоць палова на самай справе належала яго цесцю), трымаў 12 галоў буйной жывёлы і 25 — дробнай, 3 коней і 2 пары валоў, меў пастаяннага парабка і наймаў яшчэ часовых. У лютым 1934 года Міхал Варонька быў прысуджаны да 5-гадовага зняволення, а яго гаспадарка перастала існаваць.

Карэншчына не была нейкім выняткам: найбольш здольных гаспадароў, якія пры іншых умовах забяспечылі б гонар і росквіт роднай зямлі, дакладна гэтак сама нішчылі па ўсёй краіне. І наступствы гэтай негатыўнай селекцыі мы адчуваем па сёння.

Вячаслаў Насевіч