Проект портала
Наука выживать (если ты маленькая страна). Рассуждения на полях монографии Киммо Рентола «Сталин и судьба Финляндии»4
12.03.2020 / 21:07

«Не варта спрабаваць усё тлумачыць рацыянальнымі прычынамі. Выпадковасці, супадзенні і сляпая ўдача граюць сваю немалую ролю», — піша кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч на nmnby.eu.

Фінскія салдаты на пазіцыях падчас перапынку ў ваенных дзеяннях. 1940 год. Фота Wikimedia Сommons

Колькі б разоў я ні гартаў славутую працу Эрнста Гелнера «Прышэсце нацыяналізму. Міфы нацыі і класа» — сёння, пяць, дзесяць ці дваццаць гадоў таму, вока нязменна чапляецца за надзвычай трапную характарыстыку міжваеннай Цэнтральна-Усходняй Еўропы, якая шмат у чым нагадвае гісторыю і рэчаіснасць постсавецкай прасторы. Гелнер, як і большасць даследчыкаў нацыяналізму, не меў якіх-небудзь сантыментаў да аб’екта свайго вывучэння. Яго развагі здзеклівыя і бязлітасныя: «Новыя дзяржавы былі меншымі і, тым самым, слабейшымі за імперыі, на змену якім яны ўзніклі … Праблема меншасцей для іх была не менш вострай, чым яна была ў … славутых «турмах народаў». Яны самі сталі правінцыйнымі турмамі народаў для сваіх меншасцей. Пры гэтым новыя меншасці, то-бок тыя, якія раптоўна набылі статус меншасці … у мінулым нярэдка ўваходзілі ў склад груп, культура якіх была дамінантнай. Новы статус быў для іх нязвычным і выклікаў натуральную нязгоду і супраціў …

Новы міжнародны парадак … меў усе заганы той сістэмы, якую ён змяніў, плюс цэлы шэраг сваіх уласных. Наступствы гэтага не прымусілі чакаць сябе доўга. Як толькі ўмацавалася ідэалагічная дыктатура ў Расіі і быў усталяваны нацыяналістычны рэжым у Германіі, уся гэтая канструкцыя абрынулася як картачны дамок. Польшча здолела супраціўляцца ўсяго некалькі тыдняў, Югаславія (афіцыйная) і Грэцыя — некалькі дзён. Іншыя нядаўна створаныя нацыянальныя дзяржавы ўвогуле не супраціўляліся (дзіўным выключэннем была толькі Фінляндыя)».

У чым жа сакрэт фінскага цуду, які дазволіў захаваць незалежнасць і ў 1939-1940-м, і ў 1944-м, выслізнуць з-пад пагрозы пераўтварыцца ў «краіну народнай дэмакратыі» на мяжы 1940-1950-х? Заходняя дыпламатычная і паліталагічная традыцыя пазначыла феномен пасляваенных фінска-савецкіх адносін таўром «фінляндызацыя», якое мела амаль не прыхаваны здзеклівы змест, маўляў, Фінляндыя — сатэліт, ледзь не паслугач Савецкага Саюза. Разам з тым для фінаў яна мае зусім іншы экзістэнцыяльны сэнс. Ці не найлепшым чынам яго выявіў Маўна Койвіста, які стаў прэзідэнтам Фінляндыі ў 1982 годзе. На пытанне журналіста, што было для фінаў нацыянальнай ідэяй у 1944 годзе, ён тут жа адказаў: «Выжыць». І справа не ў тым, што сам Койвіста ў тыя часы быў на фронце. Гаворка не ішла толькі пра асабісты лёс. Прэзідэнт казаў пра краіну і нацыю.

Чытайце таксама: Зімовая вайна: як фіны адстаялі сваю незалежнасць

Дэталёваму аналізу вытокаў фінляндызацыі прысвечаная надрукаваная ў гэтым годзе на рускай мове кніга фінскага гісторыка Кіма Рэнтала. Для гісторыка спецыяліста яна будзе цікавая, паміж іншым, як узор прафесійнай дасканаласці, спалучэння грунтоўнага аналізу крыніц з лёгкім стылем выкладання, увагі да індывідуальных асаблівасцей і лёсу не толькі галоўных герояў гістарычных падзей, але і шараговых выканаўцаў, ад якіх на самой справе шмат што залежала. Я бы параіў выкарыстоўваць яе студэнтам і маладым навукоўцам у якасці прыкладу. А для масавага чытача гэта карысная глеба для разваг — як і за кошт чаго слабай, маленькай, перыферыйнай нацыі ўдалося захаваць права на самастойнасць, нягледзячы на агрэсіўныя памкненні магутнага геапалітычнага суседа. І хоць сам аўтар у заключных радках сцвярджае, што «гэты вопыт сам па сабе не можа быць прыменены да іншых часоў і абставін», на мой погляд, магчымасці гэтакія ёсць.

Рэнтала аналізуе чатыры эпізоды гісторыі савецка-фінскіх адносін сталінскай эпохі: Зімовай вайны (1939-1940), Вайны-працягу (1941-1944) і дзвюх спроб (1948 і 1950) савецкага кіраўніцтва ператварыць Фінляндыю ў «краіну народнай дэмакратыі».

Пры гэтым, менавіта першаму эпізоду надаецца найбольшая ўвага. І гэта не выпадкова: вынікі Зімовай вайны, здольнасць фінаў бараніць сваю краіну, тое, пра што «ледзь згадвалі, але заўсёды памяталі», як піша Рэнтала, стала надзейным падмуркам далейшых савецка-фінскіх адносін. Пра сам ход вайны, правакацыю, зробленую, каб апраўдаць агрэсію, стварэнне бутафорскага ўрада Куусінена, фатальныя памылкі савецкіх военачальнікаў, міжнародную дапамогу фінам шмат ужо напісана, таму аўтар звяртаецца да менш заўважных і вядомых абставін, якія, як ні дзіўна, адыгралі ці не найбольшую ролю.

Што да памылак, то іх зрабілі і самі фіны. Яны, маецца на ўвазе палітычнае кіраўніцтва, на пачатку вайны не ўяўлялі сабе маштабаў пагрозы, не маглі даць сабе веры, што мэта СССР — не перанос мяжы на некалькі дзясяткаў кіламетраў на захад, а суцэльны захоп краіны. Па-другое, гэта ўпэўненасць, што ўвесь свет прыйдзе на дапамогу. Абедзве думкі, як ні парадаксальна, паспрыялі ўмацаванню той рашучасці з якой баранілася фінскае войска.

З савецкага боку частка памылак была выкліканая сістэмнымі фактарамі, у тым ліку, маштабнымі палітычнымі рэпрэсіямі, на якіх грунтавалася асабістая ўлада Сталіна. Савецкая інтэрвенцыя, якая, на яго думку, павінна была выклікаць рэвалюцыйную сітуацыю, не сустрэла колькі-небудзь значнай падтрымкі ў фінскім грамадстве. У тым ліку і сярод тых, хто, здавалася, па вызначэнні быў павінен яе падтрымаць — фінскіх камуністаў. Яны былі ў жаху нават ад фрагментарнай інфармацыі пра рэпрэсіі ў СССР: перш за ўсё — аб амаль пагалоўным знішчэнні перабежчыкаў з ліку «чырвоных фінаў», скасаванні ўсіх нацыянальных фінскіх аб'яднанняў — воінскіх падраздзяленняў, адукацыйных і выдавецкіх арганізацый — і, нарэшце, поўнай забароне фінскай мовы. Вядома, піша Рэнтала, што «Сталін кіраваў рэпрэсіямі і ўважліва сачыў за іх ходам. Камісія, якая абследавала паўночна-заходнюю мяжу ўжо ў пачатку 1935 года прапанавала адсяліць з памежных раёнаў 5 тыс. сем'яў фінаў, карэлаў і інгерманландцаў. Сталіну прапанова спадабалася, аднак на палях ён напісаў: «Чаму не больш?»

Яшчэ адно наступства рэпрэсій — знішчэнне кадравага складу савецкай выведкі напярэдадні вайны. Тыя, каго прызначылі на фінскі кірунак, мала што ў ім разумелі, аднак ведалі, што ўмовай іх асабістага выжывання было рапартаваць не аб тым, што было на самой справе, а аб тым, што, як ім падавалася, спадабаецца кіраўніцтву. Таму, «прыводзячы данясенні відавочцаў, супрацоўнікі выведкі НКВД і ГРУ заўсёды прадстаўлялі падзеі ў адпаведным святле: паніка на чыгуначных вакзалах з-за імкнення жыхароў бегчы са сталіцы, антываенныя настроі і нездавальняючае становішча працоўнага класа, сутычкі паміж шуцкораўцамі».

Не меншую ролю адыгралі асабістыя якасці, у тым ліку ўяўленне самога Сталіна пра Фінляндыю. Вядома, што Сталін наведаў яе двойчы — у 1905 і ў1917 гадах. Візіты былі ўвосень і ўзімку. Пад час першага Сталін даехаў цягніком да Тамерфорса (Тамперэ), то-бок меў магчымасць пабачыць значную частку краіны на ўласныя вочы. Дык вось, нічога карыснага ён не ўбачыў. Фінляндыя Сталіну не спадабалася. Пазней, у 1945 годзе. ён сказаў прадстаўніку Фінляндыі: «… вы жывяце чорт ведае дзе … жывяце на балотах і ў лясах…» Менавіта гэта прадвызначыла стаўленне Сталіна да Фінляндыі як да тэрыторыі, якая не мае значнай каштоўнасці па-за межамі праблем ваеннай бяспекі.

Бадай што самы цікавы сюжэт у кнізе — маштабная дэзінфармацыя брытанскай выведкі, у якую асабіста паверыў Сталін і якая, на думку Рэнталы, адыграла вырашальную ролю ў хуткім завяршэнні Зімовай вайны. Гаворка ідзе пра планы Вялікабрытаніі і Францыі ўступіць у вайну супраць СССР на баку Фінляндыі і нанесці ўдар па галоўнаму на той час цэнтру нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі — Баку. Сама ідэя такога разгортвання падзей належала Манергейму, які ў адрозненне ад іншых фінскіх палітыкаў і вайскоўцаў быў пазбаўлены правінцыйнасці і мысліў стратэгічна. «Ці думаеце Вы зрабіць ход на Каўказе?» — пытаўся ён у пачатку студзеня 1940 года ў прадстаўніка брытанскага генштаба. — «Захоп Баку быў бы смяротным ударам для Нямеччыны, як і для Расіі». Невядома дакладна, ці была выкарыстаная менавіта гэтая размова, ці брытанцы самастойна прыйшлі да той жа думкі, але па розных каналах была «зліта» інфармацыя не толькі пра планы захопу Баку, але і пра падрыхтоўку ўзброеных паўстанняў у Азербайджане і ва Украіне. Сталін у гэта паверыў. «Савецкія ваенна-паветраныя сілы атрымалі загад тэрмінова адправіць падмацаванні ў тры ваенныя акругі — Адэскую, Закаўказскую і Сярэднеазіяцкую, якія мелі асабліва важнае аператыўнае назначэнне. Абарону варта было ператварыць у наступ шляхам бамбардзіровак нафтавых радовішчаў у Масуле і Кіркуку, якія знаходзіліся пад кантролем брытанцаў, а таксама берагоў Басфорскага праліва і нават аддаленай Александрыі. У паўднёвых ваенных акругах было загадана рыхтаваць прапагандысцкія матэрыялы на англійскай, французскай, турэцкай, фарсі, урду і пушту. Выбар моў паказвае, каго лічылі патэнцыяльнымі агрэсарамі». 

Хто перамог у Зімовай вайне? Фінляндыя, якая захавала незалежнасць, але страціла 26 тысяч чалавек, 12% сваёй тэрыторыі і другі па колькасці насельніцтва горад Віпуры (Выбарг), ці СССР? Сталін, відавочна, сябе пераможцам не адчуваў. Ён быў у шаленстве ад нянавісці: «Мы 60 тысяч (фінаў) перабілі, трэба перабіць і астатніх, тады справа скончыцца. Трэба пакінуць толькі дзяцей і старых». Нават канцэпцыя экспарту рэвалюцыі была перагледжаная: «Сусветная рэвалюцыя як адзіны акт — глупства. Яна адбываецца ў розны час у розных краінах. Дзеянні Чырвонай арміі — гэта таксама справа сусветнай рэвалюцыі». Злосць ён сарваў на тых, хто не мог адказаць тым жа. «Змрочны настрой выліўся ў новую хвалю пакаранняў смерцю, якая напаткала тых, хто ўжо даўно чакаў свайго лёсу. Перапынак у масавых пакараннях смерцю працягваўся больш за год, але цяпер у ваенны трыбунал былі перададзеныя справы 457 даволі вядомых людзей, з якіх 346 павінны былі быць расстраляныя». З гэтым жа Рэнтала звязвае Катынскую трагедыю: «У гэтай атмасферы трывогі, небяспекі і пакоры Сталін аддаў загад аб арганізацыі масавага забойства, якое нават для яго з'яўлялася празмерным. Вырашана было расстраляць 25 700 захопленых ва Усходняй Польшчы ці арыштаваных пазней польскіх палонных афіцэраў і іншых падобнага роду зняволеных». Прычыну патлумачыў Берыя: «Кожны з іх толькі і чакае вызвалення, каб мець магчымасць актыўна ўключыцца ў барацьбу супраць савецкай улады». Пэўную ролю адыграла інфармацыя аб намеры Францыі перакінуць у Фінляндыю дывізіі, якія фарміраваліся з польскіх уцекачоў на яе тэрыторыі, а таксама неабходнасць вызваліць у савецкіх лагерах месцы, якія планаваліся для палонных фінаў. Колькасць іх супадала з колькасцю расстраляных палякаў.

Дзіўна, што праз чатыры гады Сталін не выкарыстаў сітуацыю, каб паквітацца з фінамі. Больш таго, Фінляндыя стала адзінай не акупаванай краінай з ліку тых, якія ў часы Другой сусветнай вайны былі на баку Германіі. Яе лёс быў вызначаны яшчэ на Тэгеранскай канферэнцыі ў снежні 1943 года. Чэрчыль і Рузвельт выступалі за захаванне незалежнасці Фінляндыі. Сталін меў маральнае права з гэтым не пагадзіцца, тым больш што нават Чэрчыль прызнаваў «агідныя паводзіны» фінаў. Аднак гэтага ён не зрабіў. Прынцыповае стаўленне ў яго склалася яшчэ напрыканцы Зімовай вайны: «Мы не хочам тэрыторыі Фінляндыі. Адзінае, што патрабуецца ад Фінляндыі, — каб яна была сяброўскай Савецкаму Саюзу дзяржавай». Рэнтала звязвае гэта перш за ўсё са здольнасцю фінаў бараніцца. У 1945 годзе Сталін казаў прадстаўніку Фінляндыі: «Вы ўпарта змагаліся за вашу дзяржаву. Параўнайце хаця б Фінляндыю і Бельгію. Бельгійцы лічаць фінаў напаўхутарскім і неадукаваным народам. Але фіны вялі сябе ў вайне не так, як бельгійцы. Бельгійцаў лічаць адным з найбольш адукаваных народаў Еўропы, але, калі пачалася вайна, яны здаліся. Думаю, што калі б фінаў паставіць на месца бельгійцаў, то яны б упарта змагаліся супраць нямецкай агрэсіі». Але акупацыя Фінляндыі была цалкам магчымая. Тое, што Сталін на гэта не пайшоў, на думку Рэнталы, паўплывалі і іншыя абставіны. Летам 1944-га Фінляндыя была падобная да звера, якому ўжо няма куды было бегчы. Гэта было прадвызначанае самой геаграфіяй: «Фінляндыя апынулася на перыферыі, падобна да вострава». У той жа час паўставалі больш значныя для Сталіна мэты, выкліканыя высадкай хаўруснікаў у Нармандыі, неабходнасцю вырашаць польскае пытанне і г. д.

Падобная сітуацыя выратоўвала незалежнасць Фінляндыі і ў 1948-1950-х гадах, калі планавалася яе трансфармацыя ў «краіну народнай дэмакратыі». У 1948 годзе СССР навязаў абаронныя дамовы (фармальна, аб сяброўстве і супрацоўніцтве) тром былым германскім хаўруснікам, якія трапілі ў сферу яго ўплыву. Аднак лёс Фінляндыі склаўся не так, як Румыніі і Венгрыі. Адыграла сваю ролю само стаўленне да яе значнасці як краіны. «Ах, Фінляндыя — гэта дробязь», — казаў Молатаў. — «Польшча — вялікая справа!» Значна слабейшымі былі пазіцыі фінскіх камуністаў. Але ў найбольшай ступені на Сталіна паўплывалі змены ў міжнароднай сітуацыі: Вялікабрытанія, Францыя і краіны Бенілюкса заключылі дамову аб стварэнні абарончага Заходнееўрапейскага саюза, якому прэзідэнт Трумэн абяцаў падтрымку ЗША. Сталін і Молатаў зразумелі, што перспектыва жорсткіх дзеянняў СССР у Фінляндыі можа абвастрыць становішча ў астатняй Еўропе, асабліва ў Паўночнай. Данія і Нарвегія (якой, дарэчы, таксама прапаноўвалі заключыць аналагічную дамову) вызначылі сваё імкненне да далучэння абарончай ініцыятывы Захаду.

У 1950 годзе СССР падрыхтаваўся да наступу на Фінляндыю больш грунтоўна. У першую чаргу было вырашана ўзмацніць пазіцыі Фінскай кампартыі, якая атрымала з касы ўзаемадапамогі ВКП (б) 874 тыс. долараў. Гэта прыблізна 40% агульнай сумы расходаў на фінансавую падтрымку камуністаў па ўсім свеце. Па некаторых звестках, Куусінена (таго самага, які ўзначальваў урад Фінскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў 1939 годзе) рыхтавалі да пасады прэзідэнта гэтым разам абсалютна рэальнай Фінляндыі. Аднак увага Сталіна цалкам пераключылася на Карэйскую вайну, якая стала, паміж іншым, першым гібрыдным ваенным сутыкненнем СССР і ЗША. Фінляндыі зноў пашанцавала.

Гісторыю адносін Фінляндыі і СССР сталінскай эпохі можна пазначыць як гісторыю выжывання. Гэты тэрмін, безумоўна, мае пэўнае абразлівае значэнне, ён прыніжае нацыянальную годнасць. Былі, канешне, і іншыя варыянты існавання ў зоне інтарэсаў геапалітычнага драпежніка, збольшага — яшчэ горшыя. Прыніжэнне захавала тую долю дзяржаўнага суверэнітэту, якая дазволіла пабудаваць Фінляндыі адну з найбольш эфектыўных эканамічных і сацыяльных сістэм сучаснага свету. Дасягнуць таго ўзроўню дабрабыту і псіхалагічнага камфорту, які наўрад ці магчымы ў краіне-нашчадку былога прыгнятальніка ў самай аддаленай перспектыве.

Што нам да таго? Ці можна ў прынцыпе, цалкам ці часткова, выкарыстаць вопыт Фінляндыі ў сённяшняй сітуацыі, калі сам аўтар кажа, што гэта — немагчыма.

Я б з гэтым пагадзіўся не цалкам. Тым больш, што, напрыклад, на пачатку канфлікту на поўдні Украіны вядомыя мэтры міжнароднай аналітыкі, Кісінджэр і Бжэзінскі, не толькі суадносілі яго з фінскай гісторыяй, але і лічылі «фінляндызацыю» адной з магчымых опцый вырашэння праблемы. Украіна з гэтым не пагадзілася.

Безумоўна, і сёння ёсць спакуса правесці паралелі паміж падзеямі 80-гадовай даўніны з рэаліямі Усходняй Еўропы. Гісторыю, аднак, нельга ўспрымаць як нешта падобнае да інструкцыі ад пыласосу ці да лекаў. Навука ж фінскай гісторыі, як мне падаецца, дае наступныя ўрокі.

Першае і галоўнае — тыя падзеі сведчаць аб прынцыповай магчымасці захавання суверэнітэту малой, слабой краінай ва ўмовах агрэсіўнай палітыкі магутнага геапалітычнага суседа. Кошт гэтага можа быць вялікім, яле ў гістарычнай перспектыве — апраўданым.

Поспех у геапалітычнай гульні залежыць ад таго, што пастаўлена на кон: для малой краіны гэта экзістэнцыяльная праблема самога існавання, для вялікай — забава, энтэртэйнмент. Асабліва ў тых выпадках, калі вялікая краіна — таталітарная ці аўтарытарная, калі гэта гульня — забава адной асобы. Гэта тая сітуацыя, калі даверыць прымаць рашэнні падначаленым немагчыма ў той жа ступені, як і трымаць усё пад асабістым кантролем. Да таго трэба дадаць, што любая аўтарытарная/таталітарная сістэма, заснаваная на персанальнай уладзе, раней ці пазней пераўтвараецца ў механізм задавальнення жаданняў, капрызаў і страхаў той самай адной асобы. Ад здольнасці забяспечыць іх залежыць не толькі кар’ерны поспех, але і часам само існаванне падначаленых. Гэтая крыніца шматлікіх памылак падвышае шансы для малых краін.

Але, як піша Рэнтала, «магчыма, не варта спрабаваць усё тлумачыць рацыянальнымі прычынамі … Глыбокі аналіз гістарычных падзей … паказвае, што выпадковасці, супадзенні і сляпая ўдача гуляюць сваю немалую ролю». Будзем спадзявацца, што і нам пашанцуе!

Павел Церашковіч, nmnby.eu

Каментары
вусцішны троль / Ответить 12.03.2020 / 21:45

За 80 год крамлёўская палітыка амаль не змянілась - тады сталін захопліваў суседнія краіны і ствараў “рэжымы народнай дэмакратыі”, а зараз тое ж самае робіць пуцін - анексіруе ды стварае бананавыя “народныя рэспублікі” па перыметру рф.

2
Самi з вусамi / Ответить 12.03.2020 / 21:59

У финау была мова, культура, тэрыторыя, прага да незалежнасці, воля да змагання. Фински народ жыу самастойна, без акупацыі, працяглы прамежак часу. У Беларуси таких варункау няма. Праўда, зараз знешния абставіны для Беларуси больш спрыяльныя. Але гэта можа не дапамагчы... Таму змагайцеся за Бацькаўшчыну на усих франтах. Вада камень точыць...

0
Жвір / Ответить 12.03.2020 / 22:04

Jak nie razhliadaj Finliandyju, alie dobra bačna, što ū vyrašaļnyja momanty dadatkovym čyņnikam ichnaha pospiechu rabilisia spryjaļnyja abstaviny, na jakija finy nie mahli ūplyvac` niepasredna, alie jany ūznikali niezaliežna ad padziejaū u Finliandyi. Zbieh takich abstavinaū, jak taja Fartuna, pavaročvaūsia da finaū pryvabnym miejscam... I naadvarot, pry šmatlikich padabienstvach, krainy Baltyi čakaū inšy lios...

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні