Праект партала
Таямніцы Вытлумачальная трагедыя: 20 гадоў таму 53 чалавекі загінулі ў цісканіне на Нямізе12
30.05.2019 / 09:10

Сотні людзей збіліся ў кучу. Міліцыя змагла адсекчы толькі хвост натоўпу.

30 мая 1999 года здарылася адна з самых страшных трагедый у гісторыі незалежнай Беларусі. Падчас цісканіны ў падземным пераходзе на станцыі «Няміга» загінула 53 чалавекі.

Чаму такое здарылася? У той дзень радыёстанцыя «Мір» адзначала сваё двухгоддзе. А яшчэ цыгарэтная кампанія «Магна» праводзіла сваю рэкламную акцыю «Пачні лета з «Магнай». У рамках якой налівалі дармавое піва.

Сёння ў гэта складана паверыць, але ў той час піва спакойна налівалі і непаўналетнім, змаганне з гэтай з’явай пачалася пазней. На свята завезлі больш за 5 тысяч літраў піва! Галоўным жа пунктам праграмы значыўся выступ папулярнага тады расійскага поп-гурту «Манга-манга».

Наляцела хмара, а 20:40 пайшоў моцны дождж з градам. Тысячы людзей інстынктыўна пабеглі з-за Палаца спорту ў бок падземнага перахода на Нямізе.

Пярэднія, забегшы ў пераход, сталі. Нехта паслізнуўся на мокрым граніце і ўпаў, а заднія ляцелі задраўшы галаву, не бачачы перад сабой ляжачых, і падалі на іх, а наступныя — яшчэ на іх. Сотні людзей збіліся ў кучу. Міліцыя змагла адсекчы толькі хвост натоўпу. Гінулі ў асноўным маладыя дзяўчаты. Іх заціскала ў тлуме, яны паміралі ад таго, што здушвала грудзі, яны не маглі ўздыхнуць.

 У той дзень на Нямізе дзяжурыла 150 міліцыянераў. Гэтага аказалася замала. Натоўп людзей літаральна змёў іх са свайго шляху. Міліцыя была непадрыхтаваная да такога развіцця падзей. У цісканіне загінулі і два міліцыянты: старшына Уладзімір Говен і старшы сяржант Генадзь Рабаконь.

На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка назаве трагедыю «страшнай і невытлумачальнай». Групу па расследаванні здарэння ўзначаліў прэм’ер-міністр краіны Сяргей Лінг. «Не трэба шукаць, што тут хтосьці напіўся, штосьці не так рабіў. Абсалютна гэта не так», — сказаў кіраўнік краіны падчас наведвання месца трагедыі.

31 мая ў Беларусі была абвешчаная двухдзённая жалоба па ахвярах Нямігі. У той самы дзень сотні людзей прыходзілі да месца трагедыі, каб прынесці кветкі і свечкі. Кіраўнік Мінска Уладзімір Ярмошын назваў падзеі 30 мая «нелагічнай трагедыяй, якая ні ў якім разе не павінна была адбыцца». Ярмошын узяў адказнасць на сябе, ён пісаў прашэнне аб адстаўцы на імя Лукашэнкі, але кіраўнік краіны яго не прыняў.

Некаторыя бацькі загінулых звярталіся ў суд, каб той пакараў вінаватых у смерці іх дзяцей. Суд пастанавіў: «Вінаватых няма». Сваякам ахвяраў выплацілі кампенсацыю ў памеры 250 даляраў (на той момант сярэдні заробак быў меншы за 100 даляраў), а таксама далі бясплатны праезд у транспарце і скасавалі камуналку, праз два гады гэтыя льготы адменяць.

У 2000 годзе праваабаронцы з «Вясны» Таццяна Равяка і Паліна Сцепаненка выдалі кнігу-дакумент «Трагедыя на Нямізе: факты, сведчанні, каментары», у якой паразмаўлялі з удзельнікамі тых падзей, а таксама з людзьмі, якія страцілі блізкіх. Прыводзім некаторыя цытаты з гэтай кнігі.

* * *

«Я кажу сыну: «Прыціскайся да сцяны», але ён мяне не пачуў. І ў гэты час ён спатыкаецца і падае пад ногі людзям. Я стала крычаць: «Не душыце, дзіця ляжыць, дзіця ляжыць!». Але ніхто нічога не чуў. І ў гэты час на мужа — ён хацеў падняць сына — так націснулі, што і яго збілі з ног. Ён падае, а на яго падаюць іншыя, пайшло перакрыжаванае падзенне. Яго заваліла. Я ўжо не бачыла ні мужа, ні дзіцяці і стала крычаць: «Не душыце, спыніцеся, што вы робіце…» Але ніхто нічога не можа зрабіць. Я крычала датуль, пакуль мне не сціснулі грудную клетку так, што я ўжо не магла ўздыхнуць. А потым я страціла прытомнасць. Ачуняла толькі тады, калі кучу з нас пачалі разбіраць».

(Лілія, настаўніца малодшых класаў)

* * *

«Мы не ведалі, што там раздаюць бясплатнае піва за скрыначкі ад «Магны». Мы наогул не ведалі, што там адбываецца. Нам з Жаннай прапаноўвалі выпіць, але мы адмовіліся.

Хоць вакол п'яных людзей было шмат — на горцы, якая спускалася да рэчкі. Шмат п'яных было і ля сцэны, дзе праходзіў канцэрт.

Музыка была ў стылі «рэп». Нам не спадабалася. Мы сабраліся і пайшлі да метро. Жанна яшчэ сказала мне: «Давай возьмемся за рукі». І мы ўзяліся з ёй за рукі, сталі там, дзе пачынаецца спуск у пераход. Мы стаялі уверсе і хацелі выйсці з натоўпу, але не паспелі, нам не ўдалося, натоўпам зацягнула нас назад. мы хацелі выйсці і зайсці з іншага боку. Але не паспелі нават развярнуцца. Нас пацягнула разам з натоўпам ўніз, а зверху людзі хутка пабеглі. Далей я толькі адно памятаю, што па мне пачалі хадзіць, ціснуць мяне. Мяне як быццам паклалі пад прэс, прыціснулі з двух бакоў…

(Юлія Макарава, сяброўка загінулай 17-гадовай Жанны Карпека).

* * *

«Як потым мне распавёў хлопец, які мяне выцягнуў, ён паглядзеў, што я цэлая, і вырашыў, што лепш адвезці мяне дадому. Давёў да кватэры, я зайшла, а там ужо бацькі. Яны расказваюць, што я была ў моцным шоку, несла такое трызненне, што яны нічога не разумелі. Вырашылі: можа, мяне згвалтавалі?

Уявіце, адчыняюцца дзверы і заходзіць дачка — уся сіняя, адзенне бруднае, валасы растрапаныя. На пытанне, што адбылося, крычыць, што людзі паміраюць, шмат трупаў, а яны нічога не разумеюць, бо не вайна.

Што я памятаю, дык гэта тое, што я пабегла, уключыла БТ і чакаю, калі пакажуць тое, што я бачыла: каля дрэва ляжыць мёртвая жанчына ў чорнай сукенцы ў белы гарошак, без басаножак, брудная».

(Каця Паўловіч, сяброўка загінулай Алі Навакоўскай)

* * *

«Мне запомнілася: калі ўсе выходзілі з пераходу, то ішлі не па прыступках, а па чыіхсьці куртках, сумках і іншых рэчах. Каля сценкі ішла, абапіраючыся на парэнчы, дзяўчына — яна выходзіла з пераходу. Ззаду, таксама з пераходу, выбягалі два хлопцы. Яны адпіхнулі яе, і яна ўпала. Яны прабеглі па ёй, нават не спыніўшыся. Дзяўчыне потым дапамаглі падняцца і выйсці».

(Валера Мурашка, сябра загінулай Алены Вішнеўскай)

* * *

«— Як ты думаеш, гэтай трагедыі магло не быць?

— Магло і не быць, калі б міліцыя проста разагнала натоўп, падзяліла яго напалову. Мянты ж бачылі, што такая лавіна ішла».

(Саша, 16 гадоў, удзельнік тых падзей)

* * *

«Трэба было прастаяць хвілін сорак, каб атрымаць запаветны куфаль піва. Там было чатыры пункты, якія за гэтыя крышачкі ад цыгарэтных пачкаў давалі піва. Людзі неслі крышкі ад «Магны» патокамі, неслі і неслі. Ці раздавалі піва непаўналетнім? Хто прыносіў крышачку, таму і налівалі».

(Алег Кучаравы)

* * *

«Ці былі выпадкі марадзёрства? Кажуць, што былі, але сам я не заўважаў. Я не ведаю, што б я зрабіў такому чалавеку, калі б убачыў. Бо нават тыя мінакі, якія проста падыходзілі і пыталіся: «Што адбываецца?» — выклікалі злосць, хацелася аблаяць матам, хоць яны нічога дрэннага не хацелі. А некаторыя не пыталі, а проста падыходзілі і пачыналі дапамагаць».

(Дзмітрый Арачэўскі)

* * *

«Я думаю так: калі ты гэтае свята арганізаваў, то, будзь добры, забяспеч парадак.

Як гэта ўсё на самацёк пусціць! Як толькі мітынг, дык ужо 15 міліцыянтаў бягуць. Там жа я нікога не бачыла. Калі ёсць свята піва і музыкі, то павінна быць міліцыя.

А што, нельга было арганізаваць, каб ачапілі метро? Моладзь бы і разбеглася, хто куды. Хай сабе і дождж».

(Ганна Інькова, бабуля загінулай Машы Іньковай)

* * *

«Адразу задаеш пытанне: чаму не збераглі мы сваіх дзяцей? Чаму і каму мы наогул давяраем іх жыцці, адпраўляючы ў школу, у краму, на канцэрт… Ніхто ні за што не адказвае. Бо любы мог быць на іх месцы. Сёння іх не стала, а заўтра ніхто не застрахаваны ад такога ж зноў. Таму што ніхто ні за што не адказвае. Хто, падумаўшы, дазволіў бы праводзіць у адным месцы распіццё спіртных напояў і канцэрт? Але падумаць можна, калі ёсць мазгі, а калі іх няма… гінуць людзі».

(Наталля Навакоўская, маці загінулай Алі Навакоўскай).

ЗП

Каментары
Той самы / Адказаць 30.05.2019 / 10:10

Светлая памяць

0
litvin Babrujskaha pavietu / Адказаць 30.05.2019 / 10:40

...гэта было першае "папярэджаньне" Усявышняга, што сатану "абралі" ..., але нацыя не адрэагавала належным чынам... Сьветлая памяць (толькі і засталася)

27
ЯНКА / Адказаць 30.05.2019 / 12:49

★ litvin Babrujskaha pavietu (10:40), такім чынам, ваш «Усявышні» яшчэ горшы за Сатану! ★

7
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні