Проект портала
Собираетесь в Украину? Что надо знать про Одессу, Затоку, Белгород-Днестровский8
14.07.2019 / 10:23

О татарской Затоке, первых белорусских туристах в Одессе и 4-метровых челюстях основателя Белгорода-Днестровского рассказывает историк и коренной одессит Олег Луговой.

Адэса

Адэса — горад новы і адначасова стары. У ім няма замкаў і палацаў, затое ёсць антычныя руіны: проста на Прыморскім бульвары ўсталяваная шкляная вітрына — акно ў гавань Істрыян. Так называўся гарадок антычных грэчаскіх каланістаў, які размяшчаўся проста над морам у самым цэнтры Адэсы дзве з паловай тысячы гадоў таму.

Захаваліся рэшткі жылых дамоў, гаспадарчых будынкаў, нават зямлянак грэчаскіх рыбакоў. Але ўсё гэта ў самым цэнтры буйнога горада, і, каб правесці археалагічныя даследаванні, трэба перакрываць Прыморскі бульвар і здымаць плітку па ўсім пляцы, а гэтага не дазволіць ніводны мэр.

Помнік дзюку (герцагу) дэ Рышэльё, які ператварыў Адэсу ў буйны гандлёвы порт. Фота Руслана Літвіна.

Калі адкінуць антычныя руіны, то ўсяму, з чаго складаецца Адэса, не больш за 200 гадоў. Адэса ўтварылася і разраслася ў вялікі горад пад уладай Расійскай імперыі.

Паспрыяла тое, што доўгі час яна была цэнтрам генерал-губернатарства: хоць і ўваходзіла ў склад Херсонскай губерні, але генерал-губернатар хацеў жыць тут. Эканамічнаму развіццю садзейнічаў гандаль збожжам. Цэнтр горада ў першыя дзесяцігоддзі ХIХ стагоддзя быў забудаваны «магазейнамі» — велізарнымі збожжавымі складамі аптовых купцоў. Многія з іх захаваліся, цяпер гэта жылыя дамы. Вельмі важную ролю адыграў статус porto franco, які рабіў Адэсу ў пэўнай ступені замежжам. Сапраўдная мытная мяжа атачала горад па перыметры і аддзяляла яго ад астатняй Расійскай імперыі. Гэта было вельмі зручна для гандлю, але не вельмі зручна для жыхароў і прамысловасці. Таму ўрэшце ад порта-франка адмовіліся, але першапачатковы імпульс сваю справу зрабіў.

Князь Альгерд у Адэсе

У гісторыі Адэсы ёсць і сярэднявечныя старонкі. Літоўскія князі трымалі тут замак і «каралеўскі порт» Качубееў, які пазней ператварыўся ў татарска-турэцкі Хаджыбей. Назву звязваюць з іменем напаўлегендарнага татарскага хана, які качаваў на гэтых землях. Хан з такім іменем быў сярод тых, каго разграміў вялікі князь Альгерд у бітве на Сініх Водах у 1362-м, пасля чаго перад літоўскімі князямі адкрыўся шлях у стэп. У 1420-я гады Вітаўт давёў да ладу памежныя ўмацаванні на чарнаморскім узбярэжжы.

Першую адназначную звестку пра існаванне стабільнага населенага пункта пад назвай Качубееў можна знайсці ў «Хроніцы» Яна Длугаша пад 1415-м годам. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла загадвае выдаць у «каралеўскім порце» Качубееў зерне для візантыйскіх пасланнікаў, з якімі вядзе перамовы ў Снятыне (горад вядомы з ХІІ стагоддзя, важны гандлёвы цэнтр, цяпер у Івана-Франкоўскай вобласці). У ХV стагоддзі Качубееў яшчэ нейкі час згадваецца ў ліку гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Шкада, што сляды той эпохі можна знайсці толькі ў музеях, якіх, праўда, у Адэсе шмат.

Шыі і міны

Аматары вострых адчуванняў могуць спазнаць Адэсу з-пад зямлі: па працягласці катакомбаў горад пераўзыходзіць нават Парыж. Агульная даўжыня хадоў — 2500 км, большая частка яшчэ не даследавана.

Частка адэскіх катакомбаў — прыродныя аб’екты, пячоры, якія вымыла вада ў мяккім прычарнаморскім пясчаніку. Яны старажытныя, у іх знаходзяць сляды першабытнага чалавека і костак вымерлых жывёл. Пад Малдаванкай ёсць нават палеалітычны запаведнік, знойдзеныя там косткі так і пакінулі, не сталі пераносіць у музей.

Леў у Гарадскім садзе на Дзерыбасаўскай вуліцы, самым старым месцы гулянняў у Адэсе. Фота Алега Лугавога.

Другая частка катакомбаў — вырубкі будаўнічага каменю, з якога будаваўся горад у ХIХ стагоддзі. З часам «ламаць» камень у цэнтры забаранілі, але ўсё адно амаль кожны стары дом меў «міны» — глыбокія скляпы, што пераходзяць у «шыі», якія могуць цягнуцца на дзясяткі метраў. У іх захоўвалі віно, тавары ды што заўгодна. Гэтыя «шыі» афіцыйна ўказваліся ў вопісе маёмасці, а іх наяўнасць павялічвала цану дома.

Сярод катакомбаў ёсць яшчэ ліўневая каналізацыя, арганізаваная да рэвалюцыі. Усё гэта стыхійна аб’яднана ў падземны лабірынт, з якім звязана маса гісторый. І ліхія кантрабандысты там хаваліся, і гераічныя партызаны-падпольшчыкі. Вось толькі сапраўдных «катакомбаў», то-бок падземных пахаванняў, у Адэсе якраз няма.

Паспець пабачыць

На першы погляд агульны фон Адэсы — суцэльныя ўзорыстыя фасады і высокія дрэвы. Але паспрабуйце зазірнуць за фасады, у адэскія двары — і даведаецеся, чым жыве горад. Хоць час і змяняе іх, аднак яны ўсё яшчэ з’яўляюцца галоўным змесцівам «адэскасці»: драўляныя галерэі, па-мастацку раскіданыя каты, вяроўкі з бялізнай, смажаныя баклажаны…

Рыба на Прывозе. Вясна 2018-га. Фота Jaras72, shutterstock.com.

На жаль, традыцыйныя вароты, дзверы, балконы сёння імкліва знікаюць — іх мяняюць самі жыхары. Знікае і традыцыйны спосаб выкарыстання двара: сённяшні двор — гэта ў першую чаргу стаянка для прыватных аўтамабіляў. Раней жа двор быў месцам штодзённага жыцця, месцам, дзе святкавалі дні нараджэння. Гэтая традыцыя сыходзіць. Зусім хутка знікнуць і савецкія санаторыі, акружаныя паркамі, размешчаныя на былых хутарах, дачах дарэвалюцыйных адэскіх алігархаў. Адэса імі вельмі ганарылася яшчэ гадоў трыццаць таму, але цяпер захаваліся адзінкі. Вялізныя паркавыя зоны гэтых санаторыяў ідуць пад новую забудову. Паспяшайцеся пабываць у Адэсе, каб пабачыць усё гэта.

Лейзера Вайсбейна, які стаў знакамітым савецкім спеваком Леанідам Уцёсавым, у Адэсе памятаюць і любяць. Яго родны Трохкутны завулак цяпер называецца вуліцай Уцёсава. У доме №11 па гэтай вуліцы дзейнічае музей-кватэра. Але, на жаль турысты рэдка дабіраюцца туды. Большай папулярнасцю карыстаецца помнік на Дзерыбасаўскай. Фота maxpixel.net.

Затока

На паўднёвы захад ад Адэсы знаходзіцца 10-кіламетровая пясчаная каса, якая аддзяляе Днястроўскі ліман ад Чорнага мора. Калісьці Камры ал-кум — Каштанавыя пяскі ў вусці Днястра — страшылі падарожнікаў, іх лічылі зыбучымі. Да пачатку ХХ стагоддзя там ніхто, акрамя рыбакоў, не жыў. А цяпер тут курорт.

Галоўныя населеныя пункты знаходзяцца ў аснове касы: бліжэй да Адэсы — Караліна-Бугаз, бліжэй да Белгарада-Днястроўскага — Затока.

«Затокай» па-ўкраінску і па-беларуску называлі заліў. А «Бугаз» — татарскае слова, якое значыць гірла або праліў.

Татарскае сяло Бугаз вядомае з ХVIII стагоддзя, яшчэ да далучэння ўзбярэжжа да Расійскай імперыі. Сваім рамантычным прыдомкам Караліна-Бугаз абавязаны землеўладальнікам пачатку ХIХ стагоддзя: графіні Караліне Сабанскай (у дзявоцтве Ржавускай), швагерцы Анарэ дэ Бальзака і блізкай знаёмай Аляксандра Пушкіна, або шляхціцу Каралю Сцібар-Мархоцкаму. Ужо на планах ХIХ стагоддзя хутар каля сяла Бугаз называецца «Караліны».

Касу праразаюць два гірлы Днястра (гірламі тут называюць вусці ракі): Царгародскае і Ачакаўскае. У 1970-я Ачакаўскае заклалі бетоннымі плітамі, сярод адэсітаў гэты пляж называецца «Вузкае месца», яго любяць найбольш: тут можна адначасова бачыць і мора, і ліман.

Па Царгародскім гірле з 1918 да лета 1940-га праходзіла дзяржаўная мяжа Савецкага Саюза і Румыніі. Каса тады была памежнай зонай. За Царгародскім гірлам знаходзіцца пасёлак Затока. Менавіта пры Румыніі тут пачалі з’яўляцца першыя санаторыі. Тады ж румыны правялі рэстаўрацыю старадаўняй крэпасці ў Белгарадзе-Днястроўскім.

Знакаміты падарожнік Павел Свіньін так апісваў тутэйшыя мясціны — Буджак, Паўднёвую Бесарабію: «Буджакскі стэп — вялікі і пладавіты, яго хутчэй можна назваць урадлівай духмянай далінай, а не пустыняй. Да ўступлення расійскіх войскаў Буджакскі стэп быў заселены 30 тысячамі татарскіх сем’яў, якія трымалі вялікія статкі; прыганялі сюды яшчэ кароў, авечак і коней з Венгрыі, Трансільваніі, Малдавіі і нават Валахіі».

Фота by masson, shutterstock.com.

Пасля далучэння да Расійскай імперыі мясцовыя жыхары, прычарнаморскія нагайскія татары, сышлі ў Турцыю.

Тыя ж нагайскія татары, што засталіся ў Расіі, зліліся з крымскімі. Так у канцы ХVIII — пачатку ХIХ стагоддзя знік цэлы этнас.

На змену татарам прыйшлі сяляне з украінскіх і расійскіх губерняў, якіх сюды перасялялі памешчыкі. Акрамя таго, сюды прыехала і мноства замежных каланістаў: немцы, балгары, сербы.

Нямецкія калоніі пад Адэсай існавалі аж да Другой сусветнай вайны, іх жыхары сышлі з немцамі. Цяпер там немцаў няма наогул, толькі руіны касцёлаў і кірхаў. А балгары ў Буджаку засталіся.

Цікава, што і ў сучаснай Адэсе балгары — трэцяя па колькасці нацыянальнасць, пасля ўкраінцаў і рускіх. А на чацвёртым месцы — яўрэі.

Белгарад-Днястроўскі (Акерман)

У пачатку ХХ стагоддзя Затока была ўсяго толькі дачным пасёлкам заможных жыхароў старажытнага Акермана, а цяпер Белгарада-Днястроўскага. Гараджане афіцыйна адлічваюць гісторыю свайго горада ад антычнай Ціры, раскопкі якой ушчыльную прымыкаюць да рова акерманскай крэпасці. Ціра была паўнавартасным полісам, дзяржавай са сваёй тэрыторыяй, манетай і знешняй палітыкай. Рымскія імператары трымалі тут гарнізон.

Горад прывялі да заняпаду перамяшчэнні варварскіх народаў III—IV стагоддзяў. Канстанцін Багранародны ў Х стагоддзі згадвае толькі апусцелую крэпасць Аспрон на землях печанегаў, на камянях якой можна было бачыць крыжы, якія сведчылі, што тут былі хрысціяне. З Х стагоддзя і па сёння горад заўсёды будзе называцца Белым Горадам, Белгарадам: Аспракастрон па-грэцку, Чэтаця-Албе па-румынску, Ак-Керман па-турэцку.

Старажытныя муры Акермана. Фота Wikimedia Commons.

У той час як татара-мангольскае нашэсце нішчыла цэлы культурны пласт суседніх зямель, у Паднястроўі ўздымалася гарадское жыццё. Белы Горад засялялі татары і балгары. Сталі заплываць і генуэзскія купцы, яны называлі горад Манкастра. Каля стагоддзя Белы Горад быў адным з найбуйнейшых гарадоў Малдаўскага княства, галоўнымі марскімі варотамі дзяржавы, адкрытымі для грэчаскіх, армянскіх, італьянскіх і турэцкіх мараходаў. Тавары траплялі на рынкі Львова, а адтуль — у Польшчу і Германію.

Менавіта ў час малдаўскага панавання ў ХІІІ—ХV стагоддзях горад Чэтаця-Албе ўзбагаціўся знакамітай крэпасцю. «Я, мізэрны, праехаў і агледзеў сем тысяч шэсцьдзясят крэпасцяў, але такога дзівоснага рова, глыбокага і трывалага, я не бачыў», — пісаў турэцкі вандроўнік Эўлію Чэлебі. Роў сапраўды дзівіць нават больш, чым сама крэпасць. Яго капалі ўручную і высякалі ў скале.

Крэпасць вытрымала некалькі нападаў асманскіх войскаў, але 5 жніўня 1484 года ўсё ж здалася. Усяго праз некалькі месяцаў пасля ўзвядзення Кілійскай брамы, праз якую турысты цяпер трапляюць усярэдзіну, Ак-Керман стаў портам на ўнутраным моры Асманскай імперыі. Асманскія архітэктары абнавілі на свой густ некалькі вежаў, пабудавалі некалькі мячэцяў. Мінарэт адной з іх узвышаецца да гэтага часу.

Крэпасць, рэзідэнцыя каменданта і іншых гарадскіх уладаў уражвалі раскошай. Вежы і сцены былі ўпрыгожаныя роспісам, разьбой і абліцоўкай. Ужо згаданы Эўлія Чэлебі апісваў наіўную містыфікацыю асманскага часу: на скляпеннях варот на ланцугах віселі сківіцы міфічнага заснавальніка крэпасці Салсала амаль чатырохметровай даўжыні.

Расійска-турэцкія войны завяршыліся для Акермана ў 1812 годзе далучэннем да Расійскай імперыі. Горад стаў усяго толькі цэнтрам павета і сышоў у цень бурлівай Адэсы. Туркі, як і татары, з Бесарабіі сышлі. Па законе ім забаранілі набываць тут нерухомасць і будаваць мячэці. Акрамя туркаў і татараў, у Акермане жылі грэкі, армяне, габрэі, караімы, малдаване. Былі і ўкраінцы, і рускія стараверы-ліпаване. Усе яны пасля далучэння да Расіі засталіся.

Час расстаўляе прыярытэты. Калі ў ХIХ стагоддзі Акерманскую крэпасць неаднаразова спрабавалі прадаць на будаўнічы камень (на шчасце, не знайшлося купцоў), то ў ХХ стагоддзі Белгарад-Днястроўскі з яго крэпасцю стаў медыумам, праз які аматары даўніны з сучаснасці могуць далучыцца да духу мінулага. Крэпасць служыла дэкарацыямі для здымак гістарычных фільмаў («Караблі штурмуюць бастыёны», «Арліны востраў», «Чорная страла», «Атэла», «Капітан Нэма» і многіх іншых), а з 2001 года яшчэ і арэнай для штогадовага ўсеўкраінскага чэмпіянату па гістарычным фехтаванні. 

Олег Луговой

Каментары
Вiталь А. / Ответить 14.07.2019 / 11:14

пад 1415-м годам. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла... А кім быў у той час вялікі князь Вітаўт?

7
Szcz / Ответить 14.07.2019 / 12:11

Затока редкостная помойка, пляжи грязные, ежа отвратная, море в медузах, жилье - вонючие сараи.. И ведь ничего не меняется.

44
гыгыгы / Ответить 14.07.2019 / 12:19

Што трэба ведаць? 700 км - з утра за руль прыгнуу - гадзинам к 3-4 дня можаш ужо на пляжы валяцца. Можна хоць на выхадныя....У нас дарэчы, есць месны жарт - идзеш у кабак на гулянку - вясселле там, дзень нараджэння- пашпарт лепш з сабой не браць, а то ж потым пачынаееца - ну што? Мо на Аддессу? - пару раз так и з язджали у чым были ..... Добразычливы народ, нармальныя цэны, чалавечыя умовы адпачынку ад бюджэта да 5 зорак - каму што як кажуць. Адесса, дэрыбасауская, порт, еперны тэятр! Затока буг лиман, аккерман, шабо, падьемны мост праз усце буга, шырачэзныя пясчаныя пляжы, смачная ежа, карацей - поуны набор таго за што мне падабаецца Украина.....

8
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні