Праект партала
Адкуль наш род Зніклая казна гетмана Агінскага. Дэтэктыўная гісторыя з удзелам Суворава, Міцкевіча, Дуніна-Марцінкевіча і яшчэ сіх-тых невядомых30
04.02.2018 / 19:34

Піша гісторык Зміцер Дрозд.

4 лютага, у 210-ю гадавіну з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, хочацца расказаць пра штосьці невядомае і незвычайнае з яго біяграфіі. На шчасце, яна далёкая ад канчатковай вывучанасці. А калі падключыць сюды яшчэ і яго сваякоў…

Яны ў Марцінкевіча былі прыкметныя ў маштабах нават еўрапейскіх падзей.

Сярод іх і князь Дзмітрый Кантэмір — апошні нашчадак Малдаўскага прастола, абвешчаны вар'ятам і зняволены ў Рэвельскай крэпасці, і мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч — каб яго жыццё апісаць, цэлай кнігі будзе мала.

Сёння ж мы раскажам гісторыю пра стрыечнага дзеда нашага класіка, постаць якога пакуль знаходзіцца ў цені. Хоць падзеі, у якіх ён удзельнічаў, і ролі, якія яму прыпісваліся, у свой час нарабілі шуму.

Выбары ў акупаванай краіне

Пачнём з падзей і месцаў, якія ніколі не звязваліся з Марцінкевічам — з Барскай канфедэрацыі і яе апошняга бою з расійскімі акупантамі каля мястэчка Сталовічы.

Барская канфедэрацыя стала апошняй сур'ёзнай спробай супрацьстаяць гаспадаранню ў Рэчы Паспалітай расійскіх стаўленікаў. Вяршыняй было прызначэнне на польскі пасад былога каханка Кацярыны II Станіслава Панятоўскага (іх раман адбыўся яшчэ да таго, як яна стала расійскай імператрыцай). Элекцыя (выбары караля) Станіслава Аўгуста праходзіла пад ціскам расійскіх войскаў. Для дэманстрацыі «свабоды выбараў» асноўныя атрады адышлі на тры мілі ад Варшавы, пакінуўшы некалькі тысяч салдат для назірання за парадкам. Калі параўноўваць з сучаснымі падзеямі, то гэта было накшталт крымскага «рэферэндуму».

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль Рэчы Паспалітай.

У такіх умовах, хоць большасць шляхты ненавідзела Панятоўскага, ён быў абраны 5584 галасамі.

Барская канфедэрацыя была абвешчаная ў 1768-м. Канфедэраты стаялі за незалежнасць дзяржавы і вывад з яе тэрыторыі замежных войскаў. Як часта бывае ў падобных рухах, многія кіраўнікі пераследвалі свае мэты, у тым ліку спрабавалі рэалізаваць уласныя прэтэнзіі на трон. Адным з такіх кандыдатаў быў вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага князь Міхаіл Казімір Агінскі.

Канфедэраты. Карціна Юзафа Хелмоньскага. 

У ноч на 30 жніўня 1771 года Агінскі раптоўна напаў на Пецярбургскі легіён палкоўніка Албычава, разбіў яго і ўзяў у палон некалькі сотняў рускіх салдат. Паўсталым даводзілася змагацца і супраць каралеўскіх войскаў, і супраць расійскай арміі. І вырашальная бітва адбылася менавіта пад Сталовічамі.

«Вялікая бітва»

Увечары 11 верасня 1771 года расійскі генерал-маёр Аляксандр Сувораў са сваім атрадам выйшаў з Крошына ў Нясвіж. Аднак па дарозе ён атрымаў паведамленне, што гетман Агінскі позняй ноччу са сваім войскам у 3-4 тысячы чалавек выступіў з Міра ў кірунку Сталовічаў [цяпер — аграгарадок у Баранавіцкім раёне]. Войскі сталі на адлегласці дзвюх міль. Але падобна, што выведка Суворава працавала лепш і Агінскі не ведаў пра такую небяспечную блізкасць.

Аляксандр Сувораў, 1786.

Глыбокай ноччу атрад Суворава прыбыў да мястэчка і пашыхтаваўся ў баявыя парадкі. Рускім не ўдалося падысці таемна: калі яны перапраўляліся па вузкай доўгай гаці праз балота перад Сталовічамі, з мястэчка па іх ударылі гарматы і ружжы канфедэратаў.

Але рускія ўварваліся ў мястэчка з двух бакоў, завалодалі гарматамі. Канфедэраты беглі з Сталовічаў у поле, дзе быў лагер кавалерыі. Там і пяхота, і кавалерыя хутка пашыхтаваліся ў баявыя парадкі.

У полі адбылося галоўнае сутыкненне. Рускія кінуліся ў атаку. Паводле некаторых апісанняў, атрад канфедэратаў з 200-400 чалавек быў абстраляны артылерыяй і гераічна атакаваны 70 рускімі егерамі. Гэтага нібыта аказалася дастаткова, каб войскі Агінскага кінуліся ўцякаць.

«З непрыяцельскага боку ўрон вельмі знатны, — пісаў Сувораў адразу пасля бітвы, — у палон узята: штаб і обер-афіцэраў 15, лекар адзін, падлекар 1, ксёндз каплан 1, ніжніх чыноў 273 чалавекі, артылерыі з усімі снарадамі — 10 медных гармат вялікіх і малых…, стрэльбаў розных калібраў 327, літаўраў дзве пары, барабанаў 12, пораху 74 пуды 15 фунтаў, свінцу 28 пудоў 10 фунтаў, буздыхан вызалачаны 1. У палон узятых гетманам Агінскім адбіты легіённага корпусу ніжніх чыноў 435 чалавек, пабіта і на месцы і наўздагон падбухторшчыкаў штаб- і обер-афіцэраў: падпалкоўнік Бітаў, а аб іншых чынах невядома, а ніжніх чыноў ад 400 да 500 чалавек… З нашага боку з… 822 чалавек — страты вельмі малыя, а менавіта: забіта ніжніх чыноў 8 чалавек, гасударавых коней 31, паранена паноў афіцэраў: ротмістр 1, паручнікаў 2, ніжніх чыноў 35 чалавек».

У гэтым жа рапарце Сувораў пісаў, што гетман Агінскі з'ехаў за мяжу. Цікава, адкуль ледзь не ў дзень завяршэння бітвы ў яго былі гэтыя звесткі? Няўжо былі інфарматары ў найбліжэйшым атачэнні Агінскага?

З кожным новым рапартам значнасць перамогі расла. Ужо 14 верасня Сувораў пісаў М. Н. Крэчэтнікаву з Нясвіжа: «Разбілі гетмана Агінскага ў пяць разоў мацнейшага за нас… Страціў ён усю сваю артылерыю і абозы, сотні з тры ў палоне, куды болей за тое забіта… Гетман рэціраваўся на чужым коні ў жупане, без ботаў, кажуць так!»

Гетман Міхал Казімір Агінскі. Ці не тая самая булава ў яго ў руках?

Як вынікае з далейшых рапартаў, Агінскі не толькі ганебна збег (па некаторых крыніцах, ён выскачыў з ложка палюбоўніцы, якая дасталася пераможцам як трафей), але і кінуў сімвал сваёй улады — гетманскую булаву.

Падобна, што менавіта яна называецца ў пераліку «буздыхан вызалачаны». Булава была камусьці прададзеная, яна прапала. Сувораў адправіў загад адшукаць яе, «бо такія рэчы не інакш належаць, як толькі яго каралеўскай вялікасці польскаму — не менш». Польскі ж кароль быў расійскім саюзнікам. Але булаву так і не знайшлі.

У вялікай бітве загінула… 53 чалавекі

Як піша даследчык Петрушэўскі, 1000 коннікаў канфедэрацкай кавалерыі пад камандаваннем Белякова наогул не ўдзельнічала ў бітве, а з'явілася пазней: «Вялікая частка рускай конніцы кінулася ў пераследаванне, сышла далёка наперад, калі раптам з'явіўся канфедэрацкі генерал Белякоў з двума ўланскімі палкамі сілаю ў 1000 чалавек, які прыйшоў на дапамогу Агінскаму. Ён змяў кавалерыю, але падаспелі казакі, аднавілі бой, і Белякоў вымушаны быў адступіць».

Напэўна, бітва 70 егераў супраць 1000 уланаў павінна была б выглядаць не менш эпічна за бітву 300 спартанцаў. «Сталовіцкая справа ў падрабязнасцях і лічбах некалькі раздзьмутая пісьменнікамі», — робіць выснову даследчык.

Але бітва мела катастрафічнае значэнне для Барскай канфедэрацыі. Спыніўся прыток новых сілаў, баявыя дзеянні ў ВКЛ скончыліся. 22 студзеня 1772 года паўстанцы зрабілі апошнюю гераічную спробу ўратаваць дзяржаву: занялі Кракаўскі замак. Аднак ад штурму Сувораў, які хацеў перамогі з мінімальнымі стратамі, адмовіўся. Канфедэраты былі заблакаваныя і 12 красавіка 1772 года капітулявалі.

Сталовіцкая бітва практычна адкрыла шлях да першага падзелу Рэчы Паспалітай.

За гэтую перамогу Сувораў быў узнагароджаны ордэнам св. Аляксандра Неўскага. Але неўзабаве да яго ўзніклі пытанні, і ў першую чаргу ад непасрэднага начальніка, камандуючага войскамі Ганса Генрыха Веймарна:

«Вы запэўніваеце, што непрыяцеляў ад 400 да 500 на месцы пабіта… пробашч м. Сталовічы запэўнівае, што ўсяго ім пахавана было 53 чалавекі, у тым ліку 8 з нашага боку».

Заўважым, што звесткі пра страты расійскага боку супадаюць з рапартам самога Суворава, пра які ксёндз наўрад ці мог ведаць. Выходзіць, што насамрэч у «вялікай бітве» пад Сталовічамі загінула 45 канфедэратаў і 8 рускіх,

пры вялікім ліку параненых і палонных (да рапарту быў дададзены імянны спіс на 290 палонных, і тут было складана нешта перабольшваць), што выглядае цалкам магчымым.

Большая частка бітвы адбывалася ўпоцемку, гэта значыць, што стральба нават з гармат вялася проста па нейкіх гуках або агнях. Баі ў самім мястэчку мелі характар бязладнай перастрэлкі ў цемры, хаосе і неразбярысе, калі складана адрозніць сваіх ад чужых…

Веймарн папракаў Суворава і тым, што ён не паведаміў яму пра ўсю здабычу. Камандуючага цікавілі не порах, барабаны і амуніцыя, апісаныя Суворавым, а казна Агінскага. Сувораў быў вымушаны апраўдвацца: «Ці былі грошы і колькі, і ім, гетманам, альбо іншым кім… захопленыя і вывезеныя — невядома».

Ці не той самы сталовіцкі ксёндз паведаміў Веймарну пра знікненне казны? Галоўнакамандуючаму не ўдалося давесці справу да суда, бо, як вядома, «пераможцаў не судзяць». Ды і якраз у гэты час Веймарна змяніў больш лагодна настроены да Суворава камандзір — генерал-паручнік Бібікаў.

175 кг золата

Пасля перамогі пад Сталовічамі Сувораў з захопленым абозам, палоннымі і параненымі адправіўся ў Нясвіж, а адтуль у Пінск. Там адбылася фантастычная гісторыя, якую падам у пераказе Петрушэўскага:

«У Пінску знаходзіўся галоўны штаб і світа Агінскага, якімі Сувораў і авалодаў… Сустрэўшы на дарозе да Пінска канфедэрацкага афіцэра, які вёз палкавую казну, ён не крануў грошай і даў яшчэ афіцэру пропуск для яго і казны да месца прызначэння».

Сувораў, цягне з сабой захоплены канфедэрацкі абоз, ён падлічыў нават варожыя барабаны і ўзважыў порах. А тут, сустрэўшы казну свайго ворага, міласціва дазваляе ёй ехаць далей па прызначэнні? Ці не для таго, каб Агінскі і далей змог плаціць салдатам, купляць зброю, працягваць барацьбу з Расіяй? За такую высакароднасць ва ўсе часы можна было б «загрымець пад трыбунал»!

Ці не гэтай здабычай цікавіўся Ганс Веймарн, не паверыўшы ў гісторыю пра «адпусціў»?

Петрушэўскі, разумеючы ўсю фантастычнасць гісторыі са зніклай казной, абараняе Суворава, спасылаючыся на яго неверагодную сумленнасць: «…асабіста на Суворава падазрэння дапусціць немагчыма, бо ён на сваю долю са здабычы ніколі нічога не браў, ні ў гэтую вайну, ні ва ўсе наступныя». Аднак і яму давялося дадаць: «Лёгка быць можа, што ў адносінах да здабычы ўкраліся тут нейкія злоўжыванні».

А вось далей самае цікавае для нас: «Некаторыя гісторыкі згадваюць яшчэ пра гетманскую казну ў 50 000 чырвонных; аб страчанай казне піша і сам Агінскі, але Сувораў пра яе нічога не ведаў».

Чырвонны злоты — гэта не той, якім разлічваліся ў побыце. Гэта залатая манета, напрыклад, дукат. Прыблізная яе вага — каля 3,5 грама чыстага золата. 50 000 чырвоных злотых — гэта 175 кілаграмаў золата. З разліку 30 даляраў за грам — гэта 5 250 000 даляраў на цяперашні курс. У перакладзе ж на тагачасны курс да звычайнага злотага (1 да 18, а пасля і больш) гэта каля мільёна злотых.

І вось такія грошы бясследна зніклі недзе пад Сталовічамі!

Які ж быў лёс казны вялікага гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Агінскага?

Самая пашыраная версія — што яна ўсё ж такі трапіла да рускіх. Напрыклад, пра гэта пісаў ад'ютант Суворава Фукс. Праўда, насуперак сваёй схільнасці да перабольшвання, ён скараціў яе амаль удвая: «Усе коні іх драгунаў дасталіся нашым, так як і многія сцягі, экіпажы і казна з трыццаццю тысячамі чырвонных. Салдаты дзялілі паміж сабою мноства золата і срэбра…» Ён жа паўтарае гісторыю пра сустрэчу з афіцэрам канфедэратаў на пінскай дарозе, які вёз другую частку казны і быў адпушчаны Суворавым.

Хоць гэтая версія не грунтуецца на галоўнай крыніцы: падрабязных рапартах самога Суворава. Яна гэтымі рапартамі якраз абвяргаецца, як мы маглі бачыць вышэй.

Гэтай версіі пярэчыць і такі аўтарытэтны даследчык біяграфіі Суворава як Петрушэўскі. На пытанне, куды ж прапала казна, ён прапануе свой адказ: «Ці не была гэта тая самая каса, якая нейкі час пазней была знойдзеная ў аднаго капелана разам з паперамі Агінскага, і ад яго адабраная?». На жаль, аўтар не пакінуў спасылкі, каб мы маглі зразумець, якую гісторыю ён мае на ўвазе.

Ёсць і трэцяя версія. І выклалі яе… даследчыкі творчасці Адама Міцкевіча.

Чаму Міцкевіча не хрысцілі ў Сталовіцкім касцёле?

Даследчык Адольф Кабылінскі яшчэ мог размаўляць з людзьмі, якія памяталі абставіны нараджэння і хрышчэння нашага класіка. Ён асабіста апытваў у 1838 годзе старога ксяндза Грынашкевіча, які быў пробашчам Задзвейскім і дэканам Сталовіцкім. На пытанне, чаму Адама, які нарадзіўся ў фальварку Завоссе, хрысцілі не ў парафіяльным сталовіцкім касцёле, а павезлі аж у Наваградак, ён адказаў:

«Тады [у 1798 годзе] святаром у Сталовічах быў айцец Дзюрдзевіч — вельмі непапулярны не толькі ў сваіх вернікаў, але і ва ўсёй акрузе, быў ён вялікім суцяжнікам, судзіўся з усімі. А яшчэ тады была пашыраная чутка, што гетман Агінскі перад бітвай пры Сталовічах пакінуў яму на дэпазіт сваю скрыначку з каштоўнасцямі і золатам. Калі ён прайграў бітву, калі яму прыйшлося бегчы за мяжу, шкатулка гэтая ўжо ніколі не ўбачыла свайго ўладальніка…»

Храмы і манастыры часта выконвалі функцыі банкаў, захоўванне ў іх грошай на дэпазіце было звычайнай з'явай. Вядома, шкатулка (можа, і куфар) — гэта не казна, але не будзем скідаць з рахункаў і гэтую версію. Тым больш, што яна падводзіць да яшчэ аднаго важнага пытання: можа, гэта здрада?

Ці была здрада?

У сваіх рапартах Сувораў неаднаразова піша: «даставерна апавясціўся», «пачуў раптам найпэўнейшае паведамленне»… — гэта значыць, хтосьці ўвесь час накіроўвае яго і паведамляе аб прасоўванні войскаў Агінскага. Цікава, што войскі канфедэратаў, якія перамяшчаліся па роднай тэрыторыі, нічога не ведалі пра імклівы манеўр Суворава.

Петрушэўскі, які вывучыў дзясяткі крыніц, піша: «У поўнай цішыні набліжаліся рускія да Сталовічаў. Неба было закрытае хмарамі, ноч стаяла чорная; маяком для войскаў служыў агонь пад лесам на манастырскай вежы паблізу Сталовічаў».

І вось гэты маяк на вежы вядомага Сталовіцкага касцёла — што гэта? Для чаго? Ці не знак гэта, спецыяльна запалены здраднікам? І хто мог так свабодна запаліць агонь на вежы касцёла? Успомнім і тое, што ў рапартах Вейнмарна пастаянна фігуруе нейкі сталовіцкі пробашч — а ім мог быць толькі Валяр'ян Дзюрдзевіч.

Сталовіцкі касцёл сёння — праваслаўная царква.

Падазрэнні вакол Дзюрдзевіча, як і чуткі пра яго незлічоныя скарбы, хадзілі ў ваколіцах яшчэ доўга пасля смерці пробашча. Гэта пацвярджае і Грынашкевіч: «Гэтага святара таксама падазравалі, што, атрымаўшы ў свае рукі такі каштоўны дэпазіт, ён таемна паведаміў камандзіру варожага войска пра пазіцыю Агінскага».

Паэт і даследчык творчасці Міцкевіча Леанард Падгародскі-Аколаў, аналізуючы тэкст «Пана Тадэвуша», у 9-й частцы «Бітва» знаходзіць апісанне начнога сутыкнення, калі рускія войскі ўзялі ў палон спячых канфедэратаў. Ён лічыць, што апісанне ўзыходзіць да вядомых Міцкевічу з дзяцінства гісторый пра бітву ў Сталовічах. Прачынаючыся ўжо звязанымі, героі паэмы крычаць:

 

«Тут здрада!» — роў, і ўслед за ім тым самым складам
Узнялі крык другія: «Здрада! Гвалт! Тут здрада!»…
Хто змог прывесці з вёсак батальён салдатаў?
І хто так хутка засцянкоўцаў тых раскратаў?
Асэсар? Янкель, можа? Розна гаварылі,
Аднак не ведае ніхто да гэтай хвілі…

 

Апраўдваючы сябе, Агінскі пісаў, што прычынай яго паразы была здрада.

Чаму ж пад падазрэнне трапіў ксёндз Дзюрдзевіч? Ды проста, згодна з вядомым сёння кожнаму следчаму прынцыпе «ідзі па следзе грошай», ксёндз быў неверагодна, невытлумачальна, непрапарцыйна свайму сціпламу становішчу багаты.

Памятная табліца ў Сталовічах.

Спадкаемцы

Ксёндз Грынашкевіч паведаміў Кабылінскаму і вельмі важную для нас дэталь: «Што ж тычыцца ксяндза Дзюрдзевіча… дык пры маленькім фундушы, які мела сталовіцкая плябанія, ён пакінуў сваім нашчадкам 800 000 злотых».

Удакладню, што свае незлічоныя скарбы Дзюрдзевіч адпісаў на розныя добрыя справы: школы, касцёлы, кляштары — некалькі дзясяткаў падрабязных пунктаў. Але нават у гэтым бачылі яшчэ адзін доказ яго віны — маўляў, спрабуе замаліць перад смерцю грэх! У завяшчанні ён пералічвае дзясяткі сваіх даўжнікоў, якія вінныя былі яму дзясяткі тысяч злотых. Называе ён там і сваякоў.

І ўсё ж такі, прычым тут Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч?

Адказ на гэтае пытанне знаходзіцца ў метрычным запісе аб хрышчэнні ў Слонімскім касцёле Ігната Марцінкевіча — сына Мікалая і Настассі з Дзюрдзевічаў Марцінкевічаў у 1758 годзе.

Так, ксёндз Валяр'ян Дзюрдзевіч канонік Інфлянцкі, протанатарый апостальскі, Сталовіцкі пробашч быў родным братам Настассі Марцінкевіч — дзядзькам Яна, Ігната і Антона Марцінкевічаў. Ян жа быў бацькам класіка нашай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

І менавіта ў багатага дзядзькі Ігнат, якога Дзюрдзевіч у сваім тэстаменце называе няўдзячным, пазычыў у 1793-м годзе на арэнду Старчыцаў 1100 чырвонных злотых, а ў 1795-м узяў яшчэ 600 чырвонных на арэнду маёнтка Новы Двор (усяго 34 000 злотых, і грошы гэтыя амаль усе вярнуў!). Менавіта ў Сталовічах ксёндз Дзюрдзевіч 29 верасня 1792 года пахаваў сваю сястру Настассю Марцінкевіч, памерлую ў веку 95 гадоў, — бабулю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Запіс пра скон Валяр'яна Дзюрдзевіча. Адшукаў Зміцер Юркевіч. Публікуецца ўпершыню.

Сам Валяр'ян Дзюрдзевіч памёр у веку 89 гадоў 9 лістапада 1798 года і быў пахаваны ў капліцы пад алтаром у Сталовіцкім касцёле, якому ён аддаў больш за 30 гадоў жыцця. Калісьці гэта была адзіная ў Беларусі рэзідэнцыя мальтыйскага ордэна, а цяпер звычайная праваслаўная царква.

Не ведаю ці захавалася там магіла ксяндза — наўрад ці. Сам Дзюрдзевіч быў цалкам забыты, і выдаткаваныя ім на дабрачыннасць сотні тысяч злотых не дапамаглі яму здабыць вечнага добрага імя ў нашчадкаў.

Спроба атрымаць спадчыну

Яшчэ у 1824-м годзе маёр расійскіх войскаў Станіслаў Сестранцэвіч, былы прэзідэнт Бабруйскага земскага суда Каспер Кельчэўскі і адвакат таго ж суда Каспер Клецкі, прызначаныя апекунамі над малалетнімі Вінцэнтам і Аленай Марцінкевічамі, працягвалі шукаць спадчыну, якая засталася дзецям ад Валяр’яна Дзюрдзевіча. На той момант іх доля складала ўсяго 110 чырвонных злотых.

Але скарбы Дзюрдзевіча сапраўды існавалі, і нават больш — яны ўсплылі чароўным чынам ужо ў ХХ стагоддзі.

21 лютага 1912 года газета «Кур'ер Варшаўскі» пісала ў артыкуле «Нявыкарыстаны фундуш»: «Памерлы ў Віленскай дыяцэзіі ксёндз Валяр'ян Валянцін Дзюрдзевіч у сваім запавеце, датаваным 18 лістапада 1798 года, запісаў між іншымі 40 000 польскіх злотых (6 000 рублёў) на будаўніцтва пры касцёле ў Буйвідах, у Віленскім павеце прытулку для чатырох сясцёр міласэрнасці і капліцы пры тым прытулку для хворых. У выпадку, калі б сёстры не пагадзіліся з гэтым памяшканнем, грошы павінны былі выкарыстоўвацца на ўтрыманне ўрача або фельчара для лячэння бедных. Паколькі манашкі не згадзіліся жыць у Буйвідскім касцёле, а Віленская духоўная кансісторыя — на пабудову капліцы пры касцёле, гэты пункт запавету застаўся нявырашаным. Першапачатковы капітал павялічыўся да 14 студзеня бягучага года да 79 230 рублёў…»

Грошы было вырашана выдаткаваць на будаўніцтва бальніцы для бедных.

Ці вінен Дзюрдзевіч?

Сталовіцкая бітва не была грандыёзнай па сваіх маштабах, але мела катастрафічнае значэнне для Вялікага Княства Літоўскага — наступным крокам пасля прызначэння на трон расійскага стаўленіка Станіслава Панятоўскага сталі падзелы дзяржавы, пасля якіх з карты Еўропы знікла некалі Рэч Паспалітая абодвух народаў.

Ці быў вінаваты ў паразе ксёндз Дзюрдзевіч? Думаю, адказ на гэтае пытанне мы ніколі не атрымаем. Хутчэй, вінаватыя былі ўсе, хто дзеля грошай, урадаў, маёнткаў або iншай выгады ці праз баязлівасць не сталі на абарону сваёй радзімы перад замежным агрэсарам.

Нам жа гэтая гісторыя дае магчымасць у 210-ы дзень нараджэння нашага класіка Вікенція Дуніна-Марцінкевіча, уваскрасіць у нашай свядомасці новую цікавую асобу — ксяндза Валяр'яна Дзюрдзевіча.

А хто ведае: можа, і схаваная яшчэ недзе пад Сталовічамі казна гетмана Агінскага?

Каментары
Зьміцер Юркевіч / Адказаць 04.02.2018 / 20:14

Бравіссіма!

1
Гультай з-пад цёмнай хмары / Адказаць 04.02.2018 / 20:35

Дзякуй, Зміцер. Вельмі цікава.

1
Гультай з-пад цёмнай хмары / Адказаць 04.02.2018 / 20:36

Дзякуй Зміцер. Вельмі цікава

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні