Праект партала
Турыстычныя кірункі Што новага ў Львове?

Краіны Еўропы закрытыя для беларусаў з-за кавіду, ва Украіну трапіць найпрасцей. Калі вы леціце ў Львоў, то гэты артыкул для вас. Пра новыя кавярні ды музеі сталіцы Заходняй Украіны для «Нашай гісторыі» піша львоўскі беларускамоўны экскурсавод Андрэй Кусій.

Shutterstock.com, by Drop Of Light.

Многія беларусы ўжо наведвалі Львоў, а то і не аднойчы. Архітэктурная жамчужына Заходняй Украіны. Горад, абавязаны сваім ростам і росквітам прадстаўнікам розных культур: польскай, нямецкай, яўрэйскай, грэчаскай… Музейная Мекка, а цяпер і новая сталіца ІТ-тэхналогій, радзіма знанага калісьці аўтобуснага завода «ЛАЗ» і вытворцы тэлевізараў «Электрон». 

Але я хачу больш апісаць сучасны горад. Той, што тут і цяпер. Як ён змяняецца і які ён. Перыяд зменаў давайце возьмем адносна нядаўні — з пачатку 2018 года. Бо нават за такі кароткі час з’явілася і знікла ў горадзе нямала. 

Другая «Раберня»

Пачнём з таго, чым Львоў вядомы большасці беларускіх турыстаў, — з гастраноміі. 

Калі паважаны чытач ужо быў у слаўным Львове, ён, напэўна, ужо ведае «Крыіўку», «Капальню кавы», «Майстэрню шакаладу», «Мазох-кафэ»… Усе ўстановы належаць адной бізнэс-сетцы — холдынгу эмоцый !Fest. Пра большасць з іх мы ўжо пісалі ў артыкуле пра Львоў, надрукаваным у № 5/2018 «Нашай гісторыі».

Кіраўніцтва праекта — творчыя людзі. Яны не спыняюцца на дасягнутым і адкрываюць усё новыя месцы. 

Напрыклад, з пачатку 2018 года каля маляўнічага парку «Узнясенне» («Знесіння») (непадалёк ад цэнтральнай часткі горада) запрацавала прастора пад назвай Fest Republic — спалучэнне некалькіх праектаў на месцы закінутага бутэлькавага завода «Галічшкло». У свой час гэта быў вядомы і магутны прамысловы аб’ект. Але з заняпадам прамысловасці ў 1990-я завод стаў непатрэбным. !Fest уклаў грошы ў рэвіталізацыю гэтай прасторы. Толькі замест шклянога прадпрыемства тут адкрылі клуб для фестываляў і вечарынак, крафтавую піваварню, друкарню і выдавецтва, прыватную школу, пякарню, сучасную сталоўку, кравецкую майстэрню, а таксама яшчэ адну лакацыю рэстарана «Раберня». Таго самага, дзе смажаныя свіныя рэбры падаюць на драўляных дошчачках, а есці усё гэта трэба рукамі. 

«Раберня» на Fest Republic — гэта другі рэстаран пасля больш вядомай «Раберні пад Арсеналам». Апошняя размяшчаецца пад Музеем зброі ў гістарычным цэнтры Львова. Але ў выхадныя дні і турыстычны сезон перад уваходам у гэтую «Раберню» стаіць даўжэзная чарга, так што варта праехаць (7—10 хвілін) альбо прайсці пешшу (40 хвілін) маляўнічым зялёным паркам да Fest Republic і не губляць час на чэргі.

Від зверху на былы бутэлькавы завод, дзе цяпер размяшчаецца культурніцкая прастора Fest Republiс. Fest.lviv.ua.

Яшчэ на тэрыторыі гэтай «рэспублікі» робяць марожанае, ганчарныя вырабы, а таксама вырошчваюць агародніну, бо месца аддаленае ад загазаваных машынамі дарог.

Grand Leopolis Restaurant

Аднак калі вы падумалі, што гісторыя холдынгу !Fest — суцэльны поспех, то паспяшаюся расчараваць: бывае, закрываюцца нават досыць паспяховыя ўстановы гэтай кампаніі. Напрыклад, у красавіку 2019 года закрыўся вядомы ці не кожнаму, хто хоць раз быў у Львове, рэстаран «Дом легендаў». Той самы, што з цмокам на фасадзе. І з машынай на даху. Лакацыя зачынілася з-за непаразумення з уладальнікам будынка, у якім !Fest 10 гадоў арандаваў памяшканне і цешыў турыстаў рознымі цікавінкамі.

У апошнія два гады яшчэ дзве ўстановы кардынальна змяніліся: замест кавярні «Ратуша» ў галоўным будынку горада адкрылі кафэ Grand Leopolis Restaurant. А замест рэстарана «Левы Бераг» у скляпеннях Львоўскай оперы адкрылі кактэйль-бар Opera Underground. Абедзве мадэрнізаваныя лакацыі належаць усё таму ж холдынгу !Fest.

Але Львоў вядомы не толькі тэматычнымі кавярнямі. За апошняе дзесяцігоддзе тут адкрылася больш за 300 кампаній, якія распрацоўваюць, тэстуюць, удасканальваюць праграмнае забеспячэнне. Польскі прадпрымальнік (які жыве ва Украіне 10 гадоў) Рафал Шыманскі вырашыў спалучыць львоўскія традыцыі спажывання ежы з сучаснымі тэхналогіямі. Вынікам гэтага стаў мінулагодні стартап — AppFood.

Львоўскае інтэрнэт-выданне 032.ua называе нядаўна адкрыты AppFood «раем для інтравертаў». Facebook.com.

Гэта мабільны дадатак, створаны для аднайменнага фастфуд-кафэ, дзе няма ні афіцыянтаў, ні касіраў. Заказ ажыццяўляецца выключна праз дадатак і аплачваецца анлайн. У дадатку паказаны час гатоўнасці замовы (звычайна да 4-х хвілін), якая падаецца на канвеер. Асартымент уключае супы, смажаныя крэветкі, бульбу фры, пончыкі, багеты, марожанае, смажаныя кавалачкі мяса. Гэткі «Макдональдс» па-львоўску.

Прытулак для рэабілітацыі бурых мядзведзяў 

Але разглядаць Львоў як сталіцу ежы — гэта як ацэньваць слана з пазіцыі мураша. Не толькі рэстаранамі вядомы слаўны горад. І не толькі ІТ-кампаніямі.

У першую чаргу людзьмі. Паколькі ў горадзе жыве шмат актывістаў і ініцыятараў грамадскіх зменаў, цалкам лагічна, што існуе шэраг сацыяльных праектаў, якія імкнуцца клапаціцца пра людзей, і не толькі пра людзей. Нямецкая арганізацыя Four Paws адкрыла пад Львовам прытулак для рэабілітацыі бурых мядзведзяў «Дамажыр». Сюды касалапыя трапляюць з цкавальных станцый або ў выніку выкупу іх у жорсткіх ці безадказных гаспадароў. Падчас візіту ў Львоў наведаць прытулак можа быць цудоўнай ідэяй. Знаходзіцца ён у сяле Жорныска Явараўскага раёна, гэта 15 км ад Львова.

Яшчэ адзін падобны праект — «Дом выратаваных жывёл», які знаходзіцца практычна ў цэнтры горада (вул. Доўбуша, 24, каля будынка дырэкцыі парку «Узнясенне»).

У 2018 годзе жыхар Львова Арэст Заліпскі стварыў прытулак для жывёл, якіх выкінулі на вуліцу або якія мелі траўмы ці праблемы са здароўем і маглі памерці. Праз суполку ў Фэйсбуку неабыякавыя львавяне перадаюць корм і грошы для ўтрымання жывёл у «Доме». Сярод выратаваных — птушкі (гракі, сарока, фазаны, сава, дэкаратыўныя галубы, буслы), лясныя жывёлы (казуля, лісы, янот, янотападобныя сабакі, вавёрка), сабакі і каты, само сабой. Але, мабыць, найбольшую цікавасць у наведвальнікаў прытулку выклікаюць сябры — конік з аслом, якія заўсёды пасуцца разам. А таксама пара ваўкоў. У дзікую прыроду іх не пускаюць, бо жывёлы з нараджэння знаходзіліся ў чатырох сценах — у Жытомірскім СІЗА — і амаль ручныя. Кожны дзень «Дом» працуе з 9 раніцы да 21 вечара, уваход вольны (але варта нешта пакінуць на корм жывёлам).

Новыя музеі

Ну і як не згадаць нядаўна адкрытыя музеі, улічваючы, што Львоў славіцца багатай гісторыяй і культурнай спадчынай. Абмінаю ўвагай Львоўскі гістарычны музей з яго шматлікімі аддзеламі, а таксама Львоўскую мастацкую галерэю (якая кіруе ў тым ліку некалькімі маляўнічымі замкамі на тэрыторыі Львоўскай вобласці). Ніякім чынам не адмаўляю важнасці гэтых устаноў. Проста зноў жа акцэнтую ўвагу на навінках. 

Адна з іх — Музей цацак. Ён займае памяшканне ў прыватнай кватэры (адразу за оперным тэатрам, вул. Гандлёвая (Торгова), 15), дзе сабрана больш за 2,5 тысячы экспанатаў: лялькі, машыны, мядзведзі, Дзяды Марозы і Снягуркі, святочныя паштоўкі, карнавальныя касцюмы, навагоднія цацкі. Найстарэйшым экспанатам каля 100 гадоў (лялькі 1930-х).

З такімі цацкамі гуляліся савецкія дзеці. Экспазіцыя Музея цацак у Львове. Dyvys.info.

Грошы ад уваходных білетаў ідуць на аплату арэнды, а таксама на дапамогу дзецям-сіротам. Практычна ўсе наведвальнікі ў захапленні. Прычым не толькі дзеці. Нават людзі, якім за 80, калі бачаць цацкі свайго дзяцінства, адчуваюць настальгію і разумеюць, што дзяцінства — не столькі час, колькі стан душы.

Паралельна ў горадзе Льва адкрыўся інтэрактыўны музей, прысвечаны электрычнасці. Тэма стала зноў актуальнай для адукацыі ў святле распаўсюду электрамабіляў. А таксама ўлічваючы той факт, што ўсе элементы гарадской сістэмы электразабеспячэння дзейнічаюць да сёння (больш за 100 гадоў). Музей гісторыі электрыфікацыі Львоўшчыны і электрычнасці ў цэлым знаходзіцца не зусім у цэнтры горада, але і недалёка (вул. Мушака, 56; адкрыты па чацвяргах; наведаць можна і ў іншыя дні, але па папярэдняй дамоўленасці). 

У музеі шмат экспанатаў. Акрамя фотаздымкаў і старых картаў горада, у калекцыі даваенныя лічыльнікі, засцерагальнікі, кабельныя лініі, квітанцыі аб аплаце, рэклама электратэхнічных тавараў.

А таксама планіроўка вулічнага ліхтара 1909 года, шпулька Tesla для бесправаднога запальвання лямпаў, схема шахты як прамысловага спажыўца электраэнергіі (і параўнанне, наколькі прасцей стала здабываць вугаль пасля электрыфікацыі). Трамвай — копія першага электрычнага трамвая 1894 года, якім можна пакіраваць. А калі трамвай раптам вас не зацікавіць, ёсць плазменная лямпа, да якой можна дакрануцца і адчуць сябе Перуном, які рэгулюе маланкі ўнутры шклянога шара. У цэлым экспазіцыя пабудаваная такім чынам, што выклікае захапленне і ў малога дзіцяці, якое нічога не ведае пра электраэнергію, і ў інжынера-энергетыка, які мае велізарныя веды пра яе. 

Шмат гадоў энергічны даследчык Андрэй Крыжаноўскі шукаў у архівах важныя дакументы і інфармацыю. Музей гісторыі электрыфікацыі адкрыўся ў сакавіку 2018 года пры садзейнічанні Прыватнага акцыянернага таварыства «Львівобленерго». На фота — украінскамоўная рэклама ліхтарыка Daimon (1930-я), адзін з экспанатаў музея. Facebook.com.

У дадатак да аб’ектаў культуры, якія адкрыліся з нуля, назаву абноўленыя. Напрыклад, прыватны музей «Тэрыторыя тэрору» (праспект Чарнавола, 45) і філіял Львоўскага гістарычнага музея — «Чорная камяніца» (аднайменны гістарычны будынак на плошчы Рынак, 4).

«Тэрыторыя тэрору» абнаўляецца проста цяпер. Ставіцца інтэрактыўная экспазіцыя, дзе кожная музейная зала будзе мець форму жылых пакояў, гаспадарчых пабудоў, турэмных баракаў. І праз асабістыя ўспаміны ўдзельнікаў бурлівых падзей мінулага стагоддзя будзе падавацца інфармацыя пра трагічныя і гераічныя старонкі гісторыі горада. Таму калі прыедзеце ў Львоў наступны раз, пабачыце шмат пра часы Першай і Другой сусветных войнаў, пра Львоўскае гета — найбуйнейшае на тэрыторыі былога СССР, пра Янаўскі лагер прымусовых работ, ну і пра побыт міжваеннага часу і двух савецкіх перыядаў (1939—1941 і 1944—1991).

«Чорная камяніца» знакамітая перш за ўсё сваім каляровым фасадам — цяпер адноўленым, а таксама тым, што гадамі ў ім функцыянаваў аддзел гісторыі Заходняй Украіны. Львоўскі гістарычны музей выйграў грант Пасольскага фонду ЗША на захаванне культурнай спадчыны. Сума гранту — 275 тысяч долараў. Планавалася, што музей дадасць яшчэ $27 тысяч, але падчас рамонту зрабілі шэраг незапланаваных работ, напрыклад, поўны рамонт даху замест частковага, ліквідацыю расколін у сценах; у выніку прапорцыі па грашах атрымаліся дзесьці 50/50. У лістападзе 2019-га рэстаўрацыя завяршылася. Так што музей чакае вас кожны дзень (акрамя серады) ад 10 раніцы да 5 вечара. 

Што яшчэ новага?

Інфраструктура горада апошнім часам таксама мяняецца. Адзін з пазітыўных зрухаў — рэканструкцыя чыгуначнай станцыі. З вясны 2019-га і да канца мінулага года шмат пасажыраў нацярпелася ад нязручнасцяў, выкліканых закрыццём прывакзальнай плошчы.

Затое звычайна гармідарная прастора рэзка змянілася. Павялічыліся памеры пешаходнай зоны, рух рэарганізаваны так, каб пазбегнуць затораў, пабудаваныя тратуары, пасаджаныя дрэвы ўздоўж алеі. Шмат беларусаў прыязджае ў Львоў якраз цягніком, таму новых наведвальнікаў чакае прыемны сюрпрыз.

З улікам каранавіруса

Натуральна, што ва ўмовах пандэміі сёння атрымаецца трапіць не ва ўсе пералічаныя лакацыі. Нешта зачыненае на каранцін, нешта працуе ў змененым рэжыме.

Рэстараны і кавярні, якія маюць летнюю тэрасу (у тым ліку «Раберня» на Fest Republic і Grand Cafe Leopolis), адчыненыя, працуюць з выкананнем неабходных мер засцярогі — дзе-нідзе наведвальнікам нават бескантактна мераюць тэмпературу на ўваходзе. Калі такой тэрасы няма, як у Opera Underground, то працаваць да канца каранціну ўстанове нельга.

Славутаму Леапольду фон Захер-Мазоху таксама даводзіцца перажыць каранцін. Shutterstock.com, by Yurii Dzivinskyi.

Працуе і AppFood, якому пайшло на карысць, што там няма кантакту наведвальніка з персаналам. Праўда, лакацыя пераехала з цэнтра і невядома, ці збіраецца вяртацца бліжэй да турыстаў.

Вельмі падобная на рэстаранную сітуацыя з наведваннем музеяў. Падчас каранціну засталіся адкрытымі толькі тыя з іх, што маюць экспазіцыі на вуліцы. Фактычна для наведвальнікаў працуюць толькі чатыры музеі: згаданы намі музей «Тэрыторыя тэрору», Лычакаўскія могілкі, Музей народнай архітэктуры і часткова Музей Івана Франка.

Але ўсе названыя намі лакацыі збіраюцца перажыць нялёгкі час і адчыніць свае дзверы, як толькі ўсё наладзіцца. Спадзяёмся, у іх гэта атрымаецца.

Андрэй Кусій

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў