Праект партала
Расійская Імперыя У Лідзе аднавілі магілу паўстанца 1863 года

Пра знаходку паведамляе лідскі краязнаўца Леанід Лаўрэш. 

Мы ведалі, што недзе тут, на нашых лідскіх старых гарадскіх могілках, пахаваны адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 года на Лідчыне — Каэтан Дарашкевіч. І вось, здаецца, нашы валанцёры, якія ўжо тры гады аднаўляюць лідскія могілкі, знайшлі пахаванне гэтага заслужанага чалавека.

Раскажу ўсе па парадку.

Адным з кіраўнікоў паўстання на Лідчыне і яго духоўным бацькам быў Бальтазар Калясінскі (1818-1888).

Бальтазар Калясінскі атрымаў адукацыю ў Віленскім шляхецкім пансіёне, і амаль што адразу пасля заканчэння вучобы малады чыноўнік быў арыштаваны па справе замежнага эмісара Яна Рэра. Калясінскага доўга трымалі ў турме, ніякіх доказаў знойдзена не было, і тады ў 1848 годзе галоўнакамандуючы дзейнай арміі (на нашай тэрыторыі дзейнічала ваеннае становішча) зацвердзіў вырак, згодна з якім Бальтазар «прызнаны вінаватым разам з лекарам Анікеем Рэнігерам у слуханні зламысных настаўленняў супраць урада, у куплі і чытанні забароненых твораў, у знаёмстве з эмісарамі, якія прыехалі з-за мяжы, у прыняцці аднаго з іх у сябе на кватэры і ў жаданні садзейнічаць паўстанню, калі б яно ўспыхнула ў заходніх губернях, — пазбаўлены чыноў і дваранскай годнасці».

Вырак нагадвае савецкія абвінавачванні: «слухаў заходняе радыё», «сустракаўся з замежнікамі» і г. д. Але менавіта такой была фармулёўка выраку, вынесенага Калясінскаму без суду.

Трэба заўважыць, што Анікей (Аніцэт) Рэнігер, з якім Калясінскі ішоў па адной справе, захапляўся беларускай культурай, разам са сваімі братамі пісаў па-беларуску і збіраў беларускі фальклор. Чацвёра з шасці братоў Рэнігераў, у тым ліку і Анікей, пакінулі свае запісы на беларускай мове ў «Альбоме» Арцёма Вярыгі-Дарэўскага. Браты Рэнігеры сябравалі і ліставаліся з Адамам Кіркорам, Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам і Янам Карловічам. Дзіва што ў пятым лінейным батальёне Асобнага Арэнбургскага корпуса, куды Бальтазар Калясінскі быў сасланы, ён стаў блізкім сябрам Тараса Шаўчэнкі, якога таксама пакаралі «салдатчынай». Пра сапраўднае сяброўства лідчука і геніяльнага ўкраінскага паэта нам расказвае іх ліставанне і ўспаміны сяброў.

У арэнбургскіх стэпах Калясінскі паказаў сябе мужным жаўнерам і атрымаў афіцэрскі чын, пасля чаго да 1857 года працягваў службу чыноўнікам. Пасля «адлігі» на пачатку царавання Аляксандра ІІ вярнуўся на радзіму, дзе ўжо пачынаўся рэвалюцыйны рух. Практычна адразу на Лідчыне яго разам з Юльянам Лясковічам абралі міравым пасрэднікам. Юльян Лясковіч расстраляны ў Вільні Мураўёвым-вешальнікам у 1863 годзе разам з іншымі героямі паўстання, усёй Беларуссю ганарова перазахаваны ў лістападзе 2019 года Бальтазар Калясінскі надзвычай энергічна ўзяўся за скасаванне страшнага прыгону, які трымаў у стане «белых» рабоў большасць насельніцтва імперыі.

Бальтазар Калясінскі разам са сваім стрыечным братам Станіславам Калясінскім былі рухавіком падрыхтоўкі паўстання на Лідчыне. Як міравы пасярэднік, Бальтазар Калясінскі карыстаўся павагай сялян і меў на іх вялікі ўплыў. Быў арыштаваны яшчэ да пачатку паўстання, але доказаў супраць яго не знайшлі і выпусцілі з турмы. Улетку 1863 года па загадзе Мураўёва-вешальніка Бальтазар Калясінскі быў зноў арыштаваны і без суда, «по распоряжению Главного Начальника Северо-Западного края», г. зн. самога Мураўёва, 5 сакавіка 1864 года высланы пад нагляд паліцыі ў Кастрамскую губерню, а ягоная маёмасць секвестраваная. У Расіі жыў у горадзе Калагрыў.

Праз шмат гадоў ссылкі Бальтазар Калясінскі атрымаў права вярнуцца з умовай пражывання ў Варшаве. Едучы праз Пскоў, ён выпадкова сустрэўся з пскоўскім віцэ-губернатарам Аляксеем Жамчужнікавым, з якім пасябраваў яшчэ ў арэнбургскіх стэпах, дзе Жамчужнікаў пачынаў кар’еру чыноўніка. Той дапамог старому знаёмаму застацца ў Вільні.

Цікава, што Аляксей Жамчужнікаў — вядомы і па-сапраўднаму таленавіты пісьменнік і паэт, адзін са стваральнікаў Казьмы Пруткова! Не дарэмна з Бальтазарам Калясінскім сябравалі Тарас Шаўчэнка і Аляксей Жамчужнікаў. Гэта значыць, што лідзянін быў высокаадукаваным чалавекам і цікавым сябрам творчых людзей. А можа, і сам нешта пісаў, але пры яго бурным жыцці не мог друкавацца.

Пасля арышту Бальтазара Калясінскага яго месца ў паўстанні заняў брат Станіслаў.

Пасля такога доўгага ўступу вяртаемся да Каэтана Дарашкевіча, магілу якога знайшлі валанцёры. Дарашкевіч быў памочнікам і найбліжэйшым паплечнікам братоў Калясінскіх. Пра яго мы ведаем з кнігі даследчыцы гісторыі паўстання Зоф’і Кавалеўскай «Гісторыя Лідскага паўстання. Успаміны пра Людвіка Нарбута» (Вільна, 1934.)

Дарашкевіч выконваў вялікую арганізацыйную працу: збіраў і накіроўваў людзей у лідскі атрад Людвіка Нарбута, купляў і прывозіў на Лідчыну зброю, збіраў грошы, вёў агітацыю сярод насельніцтва. З кнігі Зоф’і Кавалеўскай даведваемся, што Каэтан Дарашкевіч памёр праз некалькі гадоў пасля паўстання і «пакінуў пасля сябе памяць як пра чалавека годнага, сумленнага і з пачуццём гонару. Пазней Станіслаў Калясінскі паставіў на яго магіле на могілках у Лідзе невялікі надмагільны камень з надпісам: «Каэтану Дарашкевічу, вахмістру народнага войска». Гэты помнічак захаваўся і па сёння» (маецца на ўвазе 1934 год).

І вось, здаецца, валанцёры знайшлі магільны камень Дарашкевіча. Чаму здаецца? Бо стары камень вельмі пацярпеў ад часу і немагчыма на 100% гарантаваць, што надпіс на ім расшыфраваны цалкам дакладна. Але на карысць гэтага кажа і тое, што недалёка ад гэтага каменя знаходзяцца некалькі сямейных пахаванняў Калясінскіх. Але ў любым выпадку Каэтан Дарашкевіч знайшоў свой апошні прытулак недзе недалёка.

Леанід Лаўрэш, Ліда

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў