Праект партала
Наша страва Сырніца, суп з блінамі… Кухня ў сем'ях Мядзвецкіх і Сапачоў7

Мой тата, Мядзвецкі Фёдар, родам з-пад Крэва, а мама, Шараметава Людміла, — з-пад Лёзна, што на мяжы са Смаленшчынай. У дзяцінстве паехаць у Вавукі да бабы Волі ці ў Емельянова да бабулі Фрузы было вельмі радаснай падзеяй. Хіба толькі дарога да Вавукаў была не такой доўгай, бо мы самі жылі ў Жодзішках на Смаргоншчыне. Піша Ларыса Сапач, настаўніца з Маладзечанскага раёна.

Бліны Ларысы Сапач. Фота аўтара.

Дзядоў я не ведала. Дзед Стась з Вавукаў памёр раптоўна да майго з’яўлення на свет, а дзед Уладзімір з Емельянова загінуў на фронце ў Польшчы.

Дзед Уладзімір рана аўдавеў, застаўся з чатырма дзецьмі. Ажаніўся другі раз з бабуляй, нарадзілі яшчэ і маю мамку Люсю ў 1942 годзе. А ў 1944-м дзед пайшоў на фронт, хоць меў «белы білет». 

Пайсці на вайну быў вымушаны: мужчын у вёсцы не было, і дзеда прымусілі быць старшынёй калгаса. Вёска згарэла, жылі ў зямлянках. Вясна, а сеяць няма чым і няма кім араць. Прыйшлося выбіраць: ці сесці ў турму за сабатаж пасяўной, ці ісці ваяваць. Ён загінуў, а ў нас не засталося ніводнага дзедавага здымка. Мая мама ведала бацьку толькі з аповедаў бабы Фрузы. 

Я стала шукаць месца пахавання дзеда і высветлілася, што пахаваны ён на варшаўскіх Вайсковых могілках. Помню той вечар, калі тэлефанавала мамцы, братам. Мы плакалі. Хутка выпала паехаць у Варшаву і «сустрэцца» з дзедам. Стрыечны брат Лёня паставіў на магілцы невялікую гранітную пліту з іменем дзеда. Ніхто з маіх дарагіх цётачак не дажыў да гэтай важнай падзеі. Так шкада, бо яны заўсёды помнілі свайго тату.

Дзед Стась не ваяваў, але шмат працаваў. Яго бацька, мой прадзед Васіль, нават ездзіў на заробкі ў Амерыку, каб купіць зямлю. Жылі на хутары, трымалі вялікую гаспадарку. Давялося ім перажыць і польскую ўладу, і прыход немцаў, і іх адступленне, і прыход саветаў з выпраўленнем сына і брата на Урал, каб пазбегнуць прымусовай высылкі. 

Дзеда з бабай прымушалі будаваць хату ў вёсцы, бо саветы зганялі з хутароў. Нават страху не дазвалялі памяняць у старой хаце. Але пасля адчапіліся, і прадзед Васіль ды прабаба Алімпіяда, дзед Стась ды баба Воля дажывалі на хутары, дзе ў вайну кароткі час хавалі ад немцаў яўрэйку. Цяпер мае вавуцкія дзяды і бабы спяць на крэўскіх могілках. Крэва для мяне — гэта перш за ўсё яны, мае дарагія, мае крэўныя. 

Шараметавы: баба Фруза з дачкой Люсяй, мамай аўтаркі. Фота з сямейнага архіва аўтаркі.

Заходнія і ўсходнія 

«Заходнія» дзяды трымалі вялікую гаспадарку. І баба Фруза, усходніца, таксама гадавала і свіней, і карову, і авечак. Часам чую меркаванне, што ўсходнія беларусы не такія працавітыя, вёскі іхнія недагледжаныя. Але мне не падабаецца такое супрацьпастаўленне. Вёска Емельянова была невялікая, але зграбная: пафарбаваныя акуратныя ашаляваныя дамкі, дагледжаныя падворкі, шчырыя і добрыя жыхары. Дбайныя гаспадары. Амаль у кожным двары, акрамя кароў і дробнай жывёлы, гадавалі авечак. А ў Маркаве, на Маладзечаншчыне, куды пераехала жыць наша сям’я, іх гадавалі лічаныя гаспадары: Мядзвецкія, мае бацькі, і Сапачы, мае свёкар са свякроўкай. 

Тата мой ездзіў касіць сена на кароў у Вавукі, да якіх ад Маркава было больш за 20 кіламетраў. Пасля сена везлі адтуль на конях. Рабілі так, бо дома дзялак на касьбу давалі вельмі мала, хоць тата працаваў галоўным ветэрынарам у мясцовым багатым калгасе. Пра людзей у Маркаве не дбалі, хоць старшыня быў з тутэйшых. А ў Емельянове калгас быў не такі багаты, але здзівіла мяне аднойчы, як старшыня даў машыну, каб завезці нас, Фрузіных унукаў і зяця, на вакзал у Лёзна. 

Мамчыны бліны

Бацькі мае працавалі не менш за дзядоў. Бацька заўсёды імкнуўся мець вялікую гаспадарку, бо так было заведзена ў Вавуках. Мамка, настаўніца ў школе, вярталася з працы, а дома чакалі трое дзяцей і тая ж вялікая гаспадарка. 

Сям’ю трэба карміць. Былі сваё малако, яйкі, мяса, сала ў скрынях, якое не з’ядалася да наступнай свежыны. Кожную раніцу мамка пякла бліны, смажыла скваркі і яйкі. Сняданак быў звыклы, бо так любіў есці бацька. Нам, дзецям, такі сняданак таксама быў смачны. А бліны мамка пякла адмысловыя. Пульхныя, на кіслым малацэ і заквасцы, якую пакідала ад папярэдніх. 

Вельмі любілі да бліноў мачанку. Для мачанкі мама на вялікай патэльні смажыла скварку і каўбасу, разводзіла на малацэ муку, вылівала на патэльню і запарвала. Пульхныя бліны з мачанкай з’ядаліся дружна. 

Мядзвецкія: цётка Вера, баба Воля, прабаба Алімпіяда, дзед Стась, стаіць брат дзеда Мікалай (радство адносна аўтаркі).

З блінамі смачна елася і яшчэ адна страва, якую я гатую так, як мамка. Гэта курыны суп. Абавязкова з дамашніх пеўня ці курыцы, бо з куплёных не атрымаецца. Гатуецца мяса, пакуль не адстане ад костачак. Яго трэба абабраць з костачак, вярнуць назад у рондаль, давесці да кіпення, а затым паціхеньку ўліць сырое ўскалбочанае яйка, дадаць прыправы. 

Суп абавязкова падаецца з блінамі, як у мамкі. Праўда, я крыху змяніла рэцэпт, раблю без закваскі, таму яны страцілі свой кіславаты смак. Але іх любяць усе, каго частую. Аднойчы калега мужа, літовец, папрасіў рэцэпт. Вярнуўся дадому, паспрабаваў спячы. Не ўдаліся. Вельмі шкада: хай бы сабе пякліся мамчыны бліны і ў Шаўляі. 

Цяпер я ўсё гатую сама, але так смачна, як мамка ці мая свякроўка, усё адно не ўмею. 

Няпростае печанае яйка

Для маёй свякроўкі, Марыі Пятроўны Сапач з роду Тамашэвічаў, заўсёды галоўным клопатам было накарміць сям’ю. Шмат працы па гаспадарцы, на агародзе, але ў духоўцы заўсёды чакаў нас абед. Смачны, упараны. Нават калі яна ўжо не магла ўстаць з ложка, часам траціла памяць, свядома пыталася, ці накормленыя Васіліна і Сямён, яе ўнукі. Гэта перадалося і яе дачцэ Тані, нашай Тані Сапач, якая ўмела гатаваць вытанчаныя стравы. 

Мы маглі лёгка сарвацца і паляцець у Вільню да Дубаўцоў. Не задумваліся, што ім будзе не да нас, што ў іх могуць быць свае важныя справы. Але ніколі не адчулі сябе лішнімі. Нават крамныя пельмені ў цёткі Тані для пляменнікаў былі найсмачнейшыя. А калі Таня і Сяргей па дарозе ў Вільню заязджалі да нас, простае печанае яйка яна хваліла так, што мне аж самой здавалася: яно згатавана па-каралеўску.

Марыя і Мікалай Сапачы з дачкой Таняй (1962—2010). Таццяна Сапач (Дубавец) была паэткай, журналісткай, перакладчыцай. У канцы 1980-х разам з мужам, вядомым журналістам і літаратарам, першым галоўным рэдактарам адноўленай «Нашай Нівы» Сяргеем Дубаўцом, пераехала ў Вільню, каб аднавіць там традыцыйны беларускі асяродак. Вяла праграму «Віленскі сшытак» на Літоўскім нацыянальным тэлебачанні, супрацоўнічала з беларускімі СМІ, выдала два паэтычныя зборнікі. 27 снежня 2010 года загінула ў аўтамабільнай катастрофе.

У Маркаве бацькі ой як радаваліся прыезду Тані і Сяргея. Мне думаецца, што абед, які гатавала для сваіх дарагіх дзяцей Марыя Пятроўна, быў для іх таксама найсмачнейшы. Кіслыя крупы, малочны фасолевы суп, бабка з бульбы, падзёртай на буйную тарку, бліны з дзёртай бульбай, клёцкі з мясам, якія гатаваліся традыцыйна ў нядзелю, пульхныя вялікія хрушчы, пірагі, спечаныя ў невялікіх рондлях у грубцы, на вячэру тварог з малаком упрыкуску з салонкай (варанай падсоленай бульбай) — усё было смачнае ў бацькоўскай хаце Сапачоў. 

А тварог з малаком — гэта спрошчаны варыянт сапраўднай сырніцы, якую гатавалі ў Маркаве падчас запустаў, на апошнім тыдні перад Вялікім пастом. Для сырніцы бралі сушаны, назапашаны з лета, клінковы сыр, крышылі яго ў смятану ці вяршкі, дадавалі масла і ставілі ў «дух» (печ). Елі з дражджавымі блінамі. З цягам часу сыры перасталі сушыць, і сырніцу ўжо не ў кожнай хаце гатавалі. 

Пячы пірагі, круціць мясныя рулеты, саліць кумпякі і паляндвіцы я навучылася ў хаце Сапачоў. А ў хаце Мядзвецкіх мяне чакае мамка і яе запрашэнне паабедаць разам.

І я часта пытаюся сама ў сябе: чаму ў бацькоўскай хаце такое смачнае звычайнае печанае яйка?

Бліны ад Ларысы Сапач

  • 0,5 л кіслага малака ці кефіру
  • чвэрць чайнай лыжкі соды
  • 3—3,5 шклянкі мукі
  • 0,5 л малака (можна і крыху больш)
  • 1 сталовая лыжка алею
  • соль

Гатуем бліны:

У кіслае малако ці кефір (але кіслае малако бліны любяць больш!) дадаць соду і адну шклянку мукі. Перамяшаць, і няхай пару хвілін пастаіць. А тады ўліць малако, укінуць астатнюю муку, уліць алею, пасаліць. Рошчына не павінна быць вельмі рэдкай.

Можна пячы і есці! Самастойна ці ўпрыкуску да першых страў.

Ларыса Сапач

Каментары
Antykamunist / Адказаць 28.06.2020 / 23:03

У меня одни проблемы со входом на платные статьи при наличии подписки?

0
Рэд. / Адказаць 29.06.2020 / 11:45

Antykamunist , разумеем, у чым праблема, выправім.

0
Жвір / Адказаць 29.06.2020 / 12:46

Antykamunist ,< У меня одни проблемы со ... ? > <-------- Не.

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў