Праект партала
СССР Як 35 гадоў назад адкрывалі мінскае метро РЭДКІЯ ФОТЫ1

Мінскаму метро спаўняецца 35 гадоў. Пра малавядомыя факты, звязаныя з адкрыццём падземкі, агенцтву «Мінск-Навіны» расказаў непасрэдны ўдзельнік тых падзей Рыгор Цішкевіч.

У канцы чэрвеня 1984 г., напярэдадні 40-й гадавіны вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачаўся рэгулярны рух электрацягнікоў па 1-й лініі метро. Адрэзак складаўся з васьмі станцый — ад «Інстытута культуры» да «Маскоўскай». У шматлікіх крыніцах днём адкрыцця нашага метро называюць 30 чэрвеня 1984 года, насамрэч, гэта адбылося днём раней.

У пятніцу, 29 чэрвеня, на «Плошчы Леніна» адбыліся мітынг і ўрачыстая цырымонія адкрыцця з удзелам першых асоб БССР. Пасля ўрачыстай часткі ў метро сталі пускаць ўсіх жадаючых. Праезд у той дзень быў бясплатным, а падземка працавала да ночы. З раніцы 30 чэрвеня пачаўся рэгулярны рух цягнікоў за плату. Жэтонаў і праязных на метро тады не было (яны з'явіліся толькі ў 1992-м). Каб атрымаць пятак, пасажыры маглі размяняць манеты наміналам 10, 15, 20 капеек ў спецыяльных аўтаматах, якія стаялі у вестыбюлях станцый. Старэйшыя касіры на працягу дня запраўлялі гэтыя апараты пяцікапеечнымі манетамі.

Рыгор Цішкевіч курыраваў будаўніцтва метро з 1970-х, калі працаваў галоўным інжынерам галоўнага архітэктурна-планіровачнага ўпраўлення гарвыканкама. Працягнуў займацца вялікай будоўляй і ў 1979-м, калі стаў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама.

Да гэтага часу захоўвае дакументы і фатаграфіі, памятае многія падрабязнасці.

— Мінскае метро запусцілі раней, чым планавалася напачатку, — кажа Рыгор Васільевіч. — Наша падземка была 9-й па ліку ў СССР. Амаль ва ўсіх гарадах даты адкрыцця прызначаліся бліжэй да канца года, на 7 лістапада. Толькі ў Харкаве метрапалітэн ўвялі ў эксплуатацыю ў жніўні, да Дня вызвалення горада. Пётр Міронавіч Машэраў неяк выказаў меркаванне, што добра б і ў Мінску забяспечыць пуск да 40-годдзя вызвалення. Але вырашалася ўсё ў Маскве: Дзяржплан накіроўваў сродкі, шмат што залежала ад саюзных міністэрстваў і ведамстваў. Тады наогул цяжка было разлічваць на завяршэнне буйных аб'ектаў у сярэдзіне года. Мы запрасілі некаторых кіраўнікоў гэтых ведамстваў у госці, пагутарылі з імі пра важнасць такой даты для жыхароў рэспублікі. І ўжо ў 1980-м на нарадзе ў Машэрава было вырашана: пуск павінен адбыцца да 3 ліпеня 1984 года.

Сталічныя прадпрыемствы павінны былі аказваць будаўніцтву метрапалітэна шэфскую дапамогу. За кожнай з васьмі станцый замацавалі раён, дзевяты раён — Заводскі — курыраваў будаўніцтва дэпо.

Практыкаваліся аб'езды і абходы аб'ектаў будаўніцтва з сакратарамі райкамаў, старшынямі райвыканкамаў, кіраўніцтвам горада.

У чэрвені 1983-го начальнікам Мінскага метрапалітэна быў прызначаны Павел Мітасаў, які ўзначальваў да гэтага Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі.

Дарэчы, Рыгор Цішкевіч абвяргае чуткі, што пасля гібелі П. М. Машэрава (гэта адбылося ў кастрычніку 1980-га) будаўніцтва мінскай падземкі збіраліся спыніць. Паводле суразмоўцы, ніякіх падстаў у гэтых чутак не было.

Але некаторыя кіраўнікі вышэйшага рангу ўсё ж сумняваліся, што будаўнікі і эксплуатацыйнікі паспеюць у тэрмін. Напрыклад, старшыня Савета Міністраў У. І. Бровікаў быў упэўнены, што, як гэта было ў многіх іншых гарадах, пасля афіцыйнага адкрыцця абкатка будзе адбывацца яшчэ месяц-два. І вельмі здзівіўся, калі я сказаў яму, што 29 чэрвеня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё, а 30-га пачнецца рэгулярны рух. 

Напярэдадні адкрыцця. Р. Цішкевіч (злева) і іншыя афіцыйныя асобы на ст. м. «Плошча Якуба Коласа»

Запрошаных на адкрыццё гасцей было некалькі сотняў. У запрашальніках пазначылі нумары вагонаў, у якіх яны павінны былі ехаць.

Запрашальнік

У першым вагоне — кіраўнікі ЦК КПБ, Саўміна, горада, метрапалітэна, ганаровыя госці з Масквы.

У ліку ганаровых гасцей — 1-ы сакратар ЦК КПБ М.М. Слюнькоў і лётчык-касманаўт СССР П.І. Клімук

У другім і трэцім вагонах ехалі кіраўнікі раёнаў, арганізацый, якія ўдзельнічалі ў стварэнні метро, прадстаўнікі метрапалітэна, лепшыя будаўнікі.

Але перад рэйсам адбыўся мітынг на станцыі «Плошча Леніна» — з велізарным прэзідыумам, прамовамі, пераразаннем стужачкі.

Потым першы цягнік рушыў у бок ст. м. «Маскоўская». Ганаровыя пасажыры выходзілі на станцыях, аглядалі іх і ехалі далей.

Праехаўшы туды і назад, яны пакінулі падземку, а дзверы метро адкрылі для звычайных пасажыраў.

Акрамя фатаграфій і іншых дакументаў у Рыгора Цішкевіча захавалася схема Мінскага метрапалітэна, распрацаваная яшчэ ў 1980 г. 

На старой схеме можна заўважыць яшчэ і ст. м. «Камсамольская», якую прапаноўвалі пабудаваць паміж «Кастрычніцкай» і «Плошчай Леніна». Але праз малую адлегласць паміж станцыямі вырашылі яе не будаваць.

Фота Сяргея Пажогі, з архіва Мінскага метрапалітэна і асабістага архіва Рыгора Цішкевіча.

Паводле інф. Магды Крэпак, Мінск-Навіны

Каментары
хамса / Адказаць 29.06.2019 / 17:14

а я памятаю - у першыя дні-тыдні гэта атракцыён такі быў.. не па справе, а проста каб паглядзець станцыі, пакатацца на эскалатары (бо да таго, каб пакатацца на эскалатары, трэба было ехаць у Беларусь (універмаг)) - пракаціцца ў метро.. спецыяльна дзеля гэтага ў падземку і ехалі) і першым пытаннем пры сустрэчы са знаёмымі было: а вы ўжо каталіся на метро?) а чым цяпер здзівіш людзей? хаця метро працягвае па-добраму радаваць і зараз (у змрочныя для беларушчыны часы) - мова хаваецца пад зямлёй.. метро - адно з немногіх месцаў, дзе можна сустрэць яе ў Беларусі дзякуй, метро

5
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў