Праект партала
Адкуль наш род Як у 1998 годзе наваполацкі праваабаронца ў знак пратэсту спаліў сябе жыўцом на прыступках суда3

Звычайныя судовыя цяжбы за квадратныя метры ў беларускай правінцыі нечакана скончыліся вялікай бядой. 8 ліпеня 1998 года наваполацкі юрыст Аляксей Філіпчанка выйшаў з будынку мясцовага суда і абліў сябе бензінам. Затым чыркнуў запалкамі — і пачаў гарэць.

Аляксей Філіпчанка

Пакрыўджаная пенсіянерка

Пачалося ўсё яшчэ ў 1992 годзе, калі спробы пазбавіцца ад былога мужа-алкаголіка прывялі да таго, што ў пакой да наваполацкай пенсіянеркі Аляўціны Воранавай засялілі новага жыхара — старонняга чалавека.

Падрабязна гісторыю змагання жанчыны за свае квадратныя метры апісаў Вячаслаў Крышталёў у наваполацкай газеце «Хімік».

Воранава ўсё жыццё працавала на будоўлі, прычым працавала вельмі плённа. Заслужаным будаўніком яна стала яшчэ ў 21 год. Праз гэта ў парадку льготнай чаргі ў 1969 годзе ёй выдзелілі двухпакаёвую кватэру.

Першы муж неўзабаве памёр, пакінуўшы Аляўціну Уладзіміраўну з малой дачкой. Пасля жанчына выйшла замуж другі раз, але новы муж меў праблемы з алкаголем, паднімаў руку на жонку. Пара развялася, але мужчына не сышоў так проста — ён адсудзіў адзін пакой у кватэры ды застаўся там жыць і, адпаведна, выпіваць.

Калі Воранава стамілася ад п’янства былога мужа і бясконцых скандалаў, яна пайшла ў суд, каб мужчыну выселілі. Але пакуль справа вырашалася, той паспеў памяняць свой пакой (хоць гэта і супярэчыла заканадаўству). У выніку пакой стаў належаць іншаму чалавеку, які, праўда, у ім не жыў і нават не аплочваў камунальныя паслугі.

Так цягнулася амаль год. Пасля праз гарадскі суд гэтага жыхара выселілі, і вольны пакой вярнуўся ва ўласнасць Воранавай. Але ненадоўга — калегія па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суда вырашыла засяліць апошняга жыхара назад.

Воранава зноў звярнулася ў суд і пачала шукаць дапамогі. Яна звяртала ўвагу на шматлікія нестыкоўкі ў рашэннях суда, але безвынікова. Тады жанчына пайшла да мясцовага юрыста і праваабаронцы Аляксея Філіпчанкі.

Следчы, юрысконсульт, галадоўшчык

Родам Філіпчанка быў з Далёкага Усходу, з Благавешчанску. Меў там жонку, двух сыноў. Працаваў следчым па асабліва важных справах Амурскай пракуратуры.

Біяграфія амаль што стандартная: скончыў юрфак Далёкаўсходняга ўніверсітэта, пасля — стажыроўка ў пракуратуры. Праўда, ва ўніверсітэт паступіў позна, у 24 гады, але па кар’ернай лесвіцы рухаўся хутка, хоць і не быў у партыі. У 27 гадоў Філіпчанка перавёўся на завочнае і працаваў следчым раённай пракуратуры, праз год ён ужо старшы следчы пракуратуры вобласці. Затым — «важняк», следчы па асабліва важных справах.

Філіпчанка ўдзельнічаў ва «Узбекскай справе», якую таксама называлі «Баваўнянай справай» — калі ў 1980-х ва Узбекістане прайшоў цэлы шэраг спраў, звязаных з карупцыяй, прыпіскамі і эканамічнымі злачынствамі. Расследаванні ішлі аж да 1989 года, але на той момант Філіпчанка ўжо быў накіраваны ў Беларусь.

У Беларусі ён уваходзіў у склад саюзнай брыгады, правяраў факты забароненых метадаў расследавання, якія маглі выкарыстоўваць міліцыянты і следчыя падчас «справы Міхасевіча».

Генадзь Міхасевіч — серыйны забойца, які задушыў як мінімум 36 жанчын у Віцебскай вобласці. На некаторых целах пакідаў запіскі ад выдуманай антыкамуністычнай суполкі «Патрыёты Віцебска», каб збіць следчых са следу, пісаў лісты ў газеты. Дзякуючы графалагічнай экспертызе Міхасевіча і затрымалі ў канцы 1985 года.

Але ж падчас пошукаў Міхасевіча за яго злачынствы асудзілі аж 14 чалавек. Аднаго нават расстралялі. Пытаннем, як так адбылося, і займалася брыгада, у якой працаваў Філіпчанка. Падчас высвятлення абставін адзін з віцебскіх следчых здзейсніў суіцыд. Але астатнія ў выніку панеслі адносна лёгкія пакаранні: рэальны тэрмін — 4 гады турмы — атрымаў толькі пракурор транспартнай пракуратуры. Шэраг супрацоўнікаў МУС звольнілі, пакаралі ўмоўнымі тэрмінамі, паніжэннямі ў званнях і выключэннямі з КПСС.

Пасля сканчэння раследаванняў Філіпчанка вырашыў застацца ў Наваполацку.

Хтосьці з кіраўнікоў пракуратуры Віцебскай вобласці паабяцаў узяць вопытнага следчага на працу. Але з умовай — маўляў, толькі калі начальства на Далёкім Усходзе аформіць афіцыйны перавод. Але ў Благавешчанску Філіпчанку адпускаць не захацелі, адпаведна ў беларускую пракуратуру на працу яго ўжо не бралі.

Ён пакрыўдзіўся, але ўсё роўна вярнуўся ў Наваполацк — цяпер ужо на вольныя хлябы.

У Наваполацку Філіпчанка жыў у пакоі інтэрната №3 ад «Нафтана», там жа, дзе жыў падчас працы над расследаваннем. Жыў адзін, вельмі сціпла, як той казаў, у спартанскіх умовах, не меў ані тэлевізара, ані нават лядоўні. Не курыў, не ўжываў алкаголь.

З жонкай развёўся. Праўда, казалі, што развод быў фіктыўны, бо на пачатку 90-х прадукты набываліся праз талоны, а выдаваліся тыя талоны толькі па месцы прапіскі. І, маўляў, развёўся Філіпчанка, каб прапісацца ў Наваполацку. Невядома, наколькі гэтая версія праўдзівая, але ж жанчына з дзецьмі засталіся ў Благавешчанску.

Сам жа Аляксей заняўся прыватнай юрыдычнай практыкай. Працаваць адвакатам яму не дазволілі, таму Філіпчанка стаў юрыдычным кансультантам.

…Пятро Галыня цяпер жыве пад Бешанковічамі. Цяпер ён пчаляр, а 20 гадоў таму быў вядомым наваполацкім актывістам, старшынёй гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Галыня таксама быў знаёмы з Філіпчанкам.

«Аляксей быў маёй даверанай асобай, калі я балатаваўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета. Ён пабачыў мае артыкулы ў мясцовай прэсе, пазваніў мне. Так і пазнаёміліся. Гэта быў 1996 год.

Я яго агітаваў уступіць у нашу партыю. Але ён не хацеў, замыкаўся, разлічваў толькі на сябе. Быў закрытым чалавекам, — узгадвае Галыня. —

Цягам двух гадоў нашага знаёмства Філіпчанка казаў, што піша лісты ў газеты, паказваў свае петыцыі на 16 лістоў. Нярэдка казаў — буду галадаць, буду любымі шляхамі адстойваць праўду.

Я прапанаваў яму балатавацца ў мясцовыя саветы ад нашай партыі. Ён паспрабаваў, але не прайшоў».

Дарэчы, пагрозы распачаць галадоўку не былі пустымі словамі. Аднойчы Філіпчанка сапраўды перастаў есці ў знак нязгоды з рашэннем суда.

Аляксей Філіпчанка падчас галадоўкі ў 1996 годзе

У 1993 годзе да Філіпчанкі прыйшоў 18-гадовы хлопец, якога абвінавацілі ў згвалтаванні. На думку юрыста, у справе былі доказы, якія маглі б пацвердзіць згоду пацярпелай жанчыны на інтым. Але ж раптам кліент Філіпчанкі без тлумачэнняў адмовіўся ад яго паслуг. І ў выніку атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі за згвалтаванне, а на Філіпчанку завялі справу за загадзя хлуслівы данос.

Справу на Філіпчанку закрылі ужо ў наступным годзе — няма складу злачынства, — але юрысту гэтага мала, ён падаў пазоў супраць упраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама.

Маўляў, тое, што на Філіпчанку завялі справу, пашкодзіла яго гонару і годнасці. Аляксей хацеў, каб перад ім выбачыліся і кампенсавалі маральную шкоду. Цягнулася гэта паўтара года — суд адмовіў Філіпчанку, ён не здаваўся, пісаў генеральнаму пракурору і нават Лукашэнку. Але плёну высілкі не прыносілі.

Тады ў красавіку 1996 года Філіпчанка разаслаў новы шэраг лістоў, папярэдзіў усіх, ад каменданта інтэрната да прадстаўніцтва ААН, і пачаў галадоўку. Без ежы ён трымаўся амаль 2 месяцы, піў толькі гарбату і мінеральную ваду. І ў выніку… перамог! Віцебская абласная пракуратура пагадзілася з яго патрабаваннямі.

Смерць у трохлітровым слоіку

Вось да такога чалавека і прыйшла Воранава, каб адстаяць свае квадратныя метры. Філіпчанка ўзяўся за працу, але ў пачатку ліпеня 1998 года суд вырашыў засяліць новага жыхара сілай.

Воранава і Філіпчанка зачыніліся ў кватэры і нікога туды не пускалі. Тады іх абвінавацілі ў непавазе да суда.

Дарэчы, Філіпчанка тады ў першы раз пагражаў, што спаліць сябе.

8 ліпеня пачалося пасяджэнне. Юрыста і пенсіянерку судзілі за той супраціў і непавагу да суда. Першай, у 14.30, слухалі паказанні Воранавай, Філіпчанка наступны.

У залу суда ўвайшоў канвой — то бок, найхутчэй, прысудам будзе арышт.

Але жанчына ад перажыванняў страціла прытомнасць непасрэдна падчас дачы паказанняў. Яе забрала хуткая.

Тады Аляксей Філіпчанка, які ўсё гэта бачыць, выйшаў з суда. Ён дастаў са сваёй торбы трохлітровы слоік з бензінам, абліў сябе і падпаліў.

Пазней дактары канстатавалі апёкі 80% цела.

Спачатку Аляксей Філіпчанка знаходзіўся ў стане шоку. Але пазней прыйшоў у прытомнасць. Дактары разглядалі варыянт пераводу яго ў Мінск ці Віцебск, але да гэтага так і не дайшло.

Доступ да пацыента быў абмежаваны праз яго цяжкі стан. Але мясцовая прэса паведамляла, што Філіпчанку правяралі псіхіятры і наведваў следчы.

Апёкі 80% цела — дыягназ смяротны. Трагічны вынік — справа часу. Аляксей Філіпчанка пражыў тры тыдні. Юрыст памёр у сваёй палаце 31 ліпеня. Яму было 49 гадоў.

Аляўціна Воранава ў палаце Філіпчанкі

«Старэйшы сын Яўгеній навясціў паміраючага бацьку і, не дачакаўшыся яго скону, адбыў у Благавешчанск: прыйшоў час паступаць у інстытут. Воранава, якая правяла — як і іншыя чуллівыя людзі, — некалькі сутак побач з Аляксеем, з’ехала ў санаторый… Філіпчанку пахавалі ў Наваполацку», — пісаў «Віцебскі кур’ер».

Вар’ят ці праведнік?

Хавалі Філіпчанку ў Наваполацку, бо ў сям’і не знайшлося грошай забраць цела ў Благавешчанск. На пахаванне таксама ніхто са сваякоў не прыехаў.

Арганізоўвалі развітанне з юрыстам яго знаёмыя і мясцовыя актывісты.

Дэпутат Вярхоўнага Савета Валер Шчукін адмыслова прыехаў на пахаванне з Мінска. На пахаванні ён нёс крыж.

Валер Шчукін на пахаванні Філіпчанкі

Паводзіны юрыста выглядалі трохі дзіўнаватымі. Бо людзі гаварылі, што ён падумваў вярнуцца да сям'і. 

«Філіпчанка, як кажуць яго нешматлікія знаёмыя, ужо хацеў з’язджаць на Далёкі Усход, да сям’і. Але не мог пакінуць людзей, з якімі пагадзіўся супрацоўнічаць, бо быў іх даверанай асобай», — пісаў «Віцебскі кур’ер» пасля смерці юрыста.

Але ж знаёмыя Філіпчанкі казалі журналістам, што ў дні перад самагубствам юрыст быў зусім некіравальным, адгаварыць яго не змог бы ўжо ніхто.

«Чалавек спрабаваў змагацца, выкарыстоўваючы ўсе шляхі. Самагубства — спосаб прадэманстраваць бяздзейнасць уладаў. Я не падтрымліваю такі метад, дый не заўсёды ён сканчваецца перамогай. У выпадку Філіпчанкі яго смерць нічога не змяніла», — кажа сёння Валер Шчукін пра гэтую гісторыю.

Але ж пакуль Філіпчанка паміраў у рэанімацыі, Воранаву запрасілі ў выканкам і прапанавалі ёй вырашыць пытанне па-іншаму. Пакінуць тую двухпакаёўку і пераехаць у аднапакаёўку. Так, метраў менш, але ж і ніякіх непажаданых суседзяў па кватэры.

Ці пагадзілася жанчына на тую прапанову, мы не ведаем.

«Самаспаленне Аляксея Філіпчанкі было як гром сярод яснага неба. Але я лічу, што ён зрабіў тое не проста так. Гэта была помста старшыні Наваполацкага суда Уладзіміру Атрашкевічу, — мяркуе цяпер Пятро Галыня. —

А праз пару гадоў пасля смерці Філіпчанкі па тэлебачанні сказалі, што Атрашкевіч ці то сам павесіўся ў лесе, ці то яго павесілі [гэта было ў снежні 2002 года — Рэд.]

І я тады падумаў: нічога сабе. Бог ёсць».

Улад Швядовіч, фота з газет «Хімік» і «Віцебскі кур'ер»

Каментары
borname / Адказаць 26.01.2019 / 10:35

М-да... не думаю, што асноўнай прычынай суіцыду стала справа за якую ён узяўся. У чалавека былі псіхічныя адхіленні. Здаровы ў псіхічным плане чалавек такое б не зрабіў

45
Зiма / Адказаць 26.01.2019 / 13:38

borname, лепш бы тады суд падпалiу.

4
хамса / Адказаць 30.01.2019 / 19:45

асабліва це ніч на я..... (особенно впечатлительным беременным мужчинам не читать)..... он так стремился на запад, что можно сказать буквально сгорел

1
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў