Праект партала
Мемуары «Ну гэта ўжо занадта»: успаміны Зянона Пазняка пра Кандрата Крапіву, які добра ведаў, дзе і калі лепш заснуць11

У выпуску літаратурнага альманаха беларусаў замежжа «Беларус» за 2018 год надрукаваны «Зацемкі з мінулага часу» Зянона Пазняка. Адзін з успамінаў прысвечаны Кандрату Крапіву. 

Фота: library.mogilev.by.

З Кандратам Кандратавічам Атраховічам (Крапівой), які доўгі час быў віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук БССР, я сутыкаўся даволі часта, але пазьбягаў зь ім знаёмства і ўсялякіх кантактаў. Мяне насьцярожвалі апавяданьні пра ягоную ролю ў 1930-я гады. Нешматлікія пісьменьнікі, якія ацалелі, расказвалі, што быццам бы Крапіва пісаў даносы ў НКВД, што Адама Бабарэку ён якраз і здаў.

Магчыма. Праверыць мне не было як. Заставалася толькі давяраць паважаным людзям. Дый Кандрат Кандратавіч быў асобай некантактнай, нашмат за мяне старэйшы, і займаў становішча ў асяродзьдзі, у якім я не прысутнічаў. Праўда, зварот да Сталіна, дзе была просьба «да канца раскрыць і зьнішчыць усе зьмяіныя гнёзды трацкісцка-зіноўеўскай фашысцкай хеўры», ён тады падпісваў, і добрыя людзі зьнікалі. У 60-я гг. пра тое стала вядома. Але што з таго. Масква з камуністамі нікуды ня дзелася. За даносы не каралі.

Навучаючыся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, я, па абавязку прыстойнага студэнта, перачытаў усю ягоную драматургію. Гэтае чытаньне мяне проста жахнула. Асабліва п’есы «Канец дружбы» і «Хто сьмяецца апошнім». Па поглядах Кандрат Кандратавіч быў вырабленым сталіністам.

У пачатку 1960-х Акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы аднавіў пастаўлены ў 1939 годзе спэктакль «Хто сьмяецца апошнім», надаўшы новыя і сучасныя акцэнты і зьмяніўшы інтэрпрэтацыю. Атрымаўся антысталінісцкі спэктакль, камэдыя, якая высьмейвае дух, дачыненьні і тыпажы рэпрэсіўнага рэжыму сталіншчыны ў БССР. (У тэатры такія павароты — звыклая справа. У гітлераўскай Нямеччыне, напрыклад, ставілі «Гамлета» Шэкспіра, дзе прынц дацкі пазыцыянаваў сябе «уйбэрмэншам».)

Я прысутнічаў на адной з прэм’ер адноўленай пастаноўкі «Хто смяецца апошнім», калі ігралі Барыс Віктаравіч Платонаў, Глеб Паўлавіч Глебаў, Лідзія Іванаўна Ржэцкая і іншыя карыфеі беларускай сцэны. Кандрат Кандратавіч сядзеў з каменным тварам адзін у дырэктарскай ложы ля самай сцэны. Публіка раз-пораз узрывалася воплескамі, пазіраючы то на сцэну, то на Крапіву. А ў канцы наладзіла авацыі артыстам. Акторы доўга раскланьваліся, прымалі букеты і нарэшце нехта зь іх шырокім рухам рукі паказаў на Крапіву, запрашаючы гэтым вітаць яго. Гледачы запляскалі Крапіве. Кандрат Кандратавіч нерашуча ўстаў, пастаяў крыху і, як сьціхлі воплескі, тут жа павярнуўся і выйшаў з ложы. Ніякае пачуцьцё не адбілася на ягоным твары. Цікавая карцінка.

Ня памятаю, каб зьявілася тады якое ягонае інтэрвію пра гэтую п'есу і спэктакль. Крапіва маўчаў як рыба. Ён, відаць, быў зьбянтэжаны, калі зразумеў, што адным і тым жа творам паслужыў і сталіністам, і антысталіністам.

Кабінэт віцэ-прэзыдэнта АН БССР акадэміка К. К. Атраховіча (Крапівы) быў на адным паверсе, дзе я працаваў у Інстытуце гісторыі. У гэтыя дзьверы мала хто заходзіў. Кандрат Кандратавіч там сядзеў, відаць, пра нешта думаў. Што ён там рабіў — ніхто ня ведае. Да яго мала хто аб нечым зьвяртаўся, бо ўсе ведалі, што Крапіва нікому ні ў чым не дапамог, і марнавацца ня мела сэнсу.

Аднойчы нашу выбітную знаўцу і дасьледчыцу беларускага музычнага фальклёру Зінаіду Якаўлеўну Мажэйку савецкія чыноўнікі так «дасталі», што рашыла яна шукаць абароны ў акадэміка Крапівы. Справа была аб выданьні кружэлкі з запісамі аўтэнтычных выканаўцаў беларускіх народных песьняў. Выдаць нешта падобнае тады было практычна немагчыма. Усё вырашалася ў ЦК КПБ (КПСС) на вышэйшым ідэалягічным узроўні, і кожны чыноўнічак па субардынацыі меў магчымасьць крышку нагадзіць, каб «националистические» прэцэдэнты «не возникали».

Кандрат Кандратавіч сядзеў за сталом і запрасіў Зіну сесьці, каб выслухаць, чаго яна прыйшла. Зінаіда Якаўлеўна пасьлядоўна і аргумэнтавана растлумачыла становішча і назвала праблему. Аж глядзіць: Кандрат Кандратавіч сьпіць сабе. Яна змоўкла. Тут Кандрат Кандратавіч якраз прачнуўся ад цішыні і кажа гэтак няголасна: «Ага. Ну дык пагутарылі ўжо».

Кандрат Кандратавіч уваходзіў у склад Партыйнага камітэта Акадэміі навук. Прысутнічаў на паседжаньнях гэтага Парткама (дзе таксама любіў падрамаць).

А быў такі сакратар Парткама Петрыкаў. I кандыдацкую, і доктарскую і дысэртацыі ён напісаў на падставе раённых газэт аб дзейнасьці сельсаветаў у пэўныя «пяцігодкі». Паколькі ён стала супрацоўнічаў з КГБ і паталягічна ненавідзеў беларушчыну, то кар’ерны рост яму забясьпечылі імгненны. Неўзабаве ён стаў дырэктарам Інстытута гісторыі, тут жа член-карэспандэнтам АН БССР і вяршыня руху — сакратаром Парткама Акадэміі навук. Гэта быў пачатак 70-х. Саветы якраз грамілі «нацыяналістаў» у Акадэміі, і Петрыкаў актыўна паказаў сябе з патрэбнага для кагэбістаў боку.

Тады на паседжаньні Парткама ён і кажа: «I ваабшчэ, таварышчы, нам, камуністам, рукавадзіцелям падразьдзеленій, нада абраціць вніманіе і взяць на учот всех, разгаварываюшчых в Акадземіі на беларускам языке. Эта істочнік нацыяналізма».

Кандрат Кандратавіч у гэты час імгненна прачнуўся і на ўвесь голас незадаволена буркнуў: «Ну гэта ўжо занадта». Ініцыятыва Петрыкава правалілася. А то (каб Крапіва не прачнуўся) занесьлі б тую прапанову ў рашэньне бюро Парткама і пачалі б чысьціць Акадэмію «ат врагоф беларускага народа».

Кандрат Кандратавіч, вядома ж, на пасадзе «віцэ» не рабіў нічога. Ніякага кантролю над ім практычна не было. Але ж працы ў начальства шмат. Трэба працаваць. I вось тады іншы сталініст (але, дарэчы, разумны і талковы чалавек) прэзыдэнт Акадэміі навук Мікалай Аляксандравіч Барысевіч пачаў думаць і раіцца, як бы гэта Кандрата Крапіву загітаваць падацца на пенсію. Крапіва, відаць, нюхам адчуў намеры Барысевіча, ідзе да яго і гэтак кажа:

— Я тут падумаў, што гады ідуць, і трэба мне ўжо адпачыць ад турбот, бо ўжо й сілы ня тыя. Дык вось я заяву прынёс аб выхадзе на пэнсію.

— Ну, што вы, Кандрат Кандратавіч, — радасна ўсклікае прэзыдэнт Барысевіч, — вы яшчэ ў росквіце сіл. Я цаню вашую працу і творчасьць. Вы маглі б яшчэ шмат зрабіць.

— Вы так думаеце? — устаўляе Крапіва.

— Ну, так, — кажа ўжо крыху насьцярожана Барысевіч.

— Добра, — адказвае Крапіва. — Калі вы так мяркуеце, то я падумаю, — забраў заяву і пайшоў сабе. Здаецца, ён яшчэ гадоў пяць потым працаваў на сваёй пасадзе.

Зянон Пазьняк, альманах «Беларус»

Каментары
Быхау / Адказаць 30.12.2018 / 22:05

Ужас какой-то.

6
Вясковы Лірнік / Адказаць 30.12.2018 / 22:17

Дзякуй вам за артыкул

6
Жвір / Адказаць 30.12.2018 / 23:05

Прабачце, парагатаў. :) Ну, а што, калі сьмешна. :)

4
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў