Праект партала
Малая радзіма Агароджа з балкона, кранальныя вершы і грыбочак на помніку. Самыя незвычайныя помнікі на Вайсковых могілках ФОТЫ5

Вайсковыя могілкі называюць адным з найстарэйшых некропаляў, якія захаваліся ў межах Мінска.

Першыя пахаванні на гэтых могілках адбываліся яшчэ напрыканцы 19 стагоддзя, а ў 1930-1940 гадах тут хавалі амаль усіх выбітных дзяржаўных, ваенных, навуковых, творчых дзеячаў міжваеннага часу.

На Вайсковых могілках пахаваныя Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, адзін са стваральнікаў БССР Аляксандр Чарвякоў, аўтары беларускага гімну Міхась Клімковіч і Нестар Сакалоўскі, першы прэзідэнт Акадэміі Навук Усевалад Ігнатоўскі…

Усяго на Вайсковых могілках каля 3000 пахаванняў.

Выбраць самыя незвычайныя з іх мы папрасілі сакратара грамадска-назіральнай камісіі па ахове помнікаў Паўла Каралёва.

Ад пачатку лета, калі пачалася рэканструкцыя могілак, Павел праводзіць тут амаль увесь свой вольны час.

«Помнікі, якія я выбраў, канечне, на мой суб’ектыўны погляд самыя цікавыя. Але тое, што я хачу пра іх расказаць, мае агульную думку: іх нельга зносіць і «рэстаўраваць», як гэта робіць «Спецкамбінат». Гэтыя помнікі ўнікальныя».

Помнік прататыпу чаротаўскай Алесі

«Помнік на магіле актрысы Алесі Александровіч і яе мужа Міхаіла Іванавіча Мароза сучасны, яго не так даўно паставіла за свае грошы Таццяна Навасельская, унучка пісьменніка Сяргея Знаёмага, якая апякуецца гэтай магілай. Але помнік цікавы тым, што на ім вельмі падрабязна распісана, кім былі людзі, якія тут пахаваныя».

Цікава, што на помніку адна дата смерці ў мужа і жонкі — 1947 год.

Вось што расказала літаратуразнаўца і пісьменніца Ганна Севярынец:

«Пра Алесю Александровіч вядома, што яна сястра пісьменніка Андрэя Александровіча, што яна — першае каханне Міхася Чарота, была першай выканаўцай ролі Алесі ў драме Чарота «На Купалле». Купала называў Алесю Александровіч «мая дачушка». І прыходзіў паслухаць знакаміты ў 20-я гады хор Тэраўскага толькі з-за яе.

Хор Тэраўскага прымаў удзел у пастаноўцы п’есы «На Купалле» ў Маскве. П’еса там мела неверагодны поспех. Яе ўзнагароджвалі прэміямі, Чарот стаў жаданым госцем на ўсялякіх прыёмах.

А хор, у якім спявала Алеся, размясцілі ў інтэрнаце пры прадстаўніцтве БССР ва ўрадзе СССР, якім якраз і кіраваў Міхаіл Мароз.

Ён размяшчаў хор, дамаўляўся пра білеты, арганізоўваў банкеты. А Міхаіл Мароз жа быў таксама маладым чалавекам, як і Міхась Чарот. Дык вось, на развітальным банкеце ён зрабіў прапанову рукі і сэрца Алесі Александровіч. І яны заручыліся. Міхася Чарота на тым банкеце не было, ён адзначаў поспех п’есы з нейкімі прыхільнікамі. Калі яму сказалі, што яго Алеся на банкеце заручылася з Марозам, той вельмі перажываў. А Алеся пасля казала, што Міхась вельмі летуценны, а з сур’ёзным Марозам ёй будзе прасцей стварыць сям’ю.

Пасля Міхаіла Мароза перавялі ў БССР, і да 1935 года ён займаў высокія дзяржаўныя пасады. Калі пачалася чыстка, Міхаіл Мароз спужаўся, што могуць прыйсці за ім, і на год з’ехаў працаваць у Сібір.

А на той момант у сям’і раслі двое сыноў. І як толькі праз год Міхаіл Мароз вярнуўся ў Мінск, яго тут жа арыштавалі. У 1937 па прысудзе яго адправілі ў лагер на 10 гадоў.

Там Міхаіл канчаткова страціў здароўе, бо яго да гэтага вельмі моцна катавалі ў турме, у яго адняліся ногі, ён пакутаваў ад голаду і хваробаў. У апошнім лісце да жонкі ён расказваў пра свой жудасны стан здароўя, прасіў яго вызваліць. Але гэты ліст быў апошнім. Больш звестак пра Міхаіла Мароза не было. Таму і сёння невядома, у якім годзе ён памёр, дзе пахаваны.

А калі Алеся памірала, яна папрасіла ў дзяцей, каб на яе помніку таксама напісалі і імя Міхаіла Мароза, бо ў яго магілы няма. А які год пазначаць, дзеці не ведалі. Таму напісалі, як і год смерці маці — 1947.

Каб не тая апошняя воля Алесі ўзгадаць імя Міхаіла Мароза на помніку, пра яго б сёння ніхто не памятаў і не ведаў. А між тым Міхась Мароз быў выбітны дыпламат. Ён вярнуў у Беларусь усе царкоўныя званы, якія вывезлі падчас Першай Сусветнай вайны. Ён вяртаў з эвакуацыі беларускіх настаўнікаў, дактароў».

«Помнік, які ставілі ў канцы 1940-х дзеці Мароза і Александровіч разбурыўся, таму давялося ставіць новы. Хоць сціплы, але такі патрэбны», — удакладняе Павел Каралёў.

Помнік вайсковаму чыноўніку Генрыху Грабэ

«Помнік, які нагадвае дрэва з абрэзанымі галінамі, відаць, рабіла ў тым ліку і для сябе жонка чыноўніка Лізавета. Але як склаўся яе лёс, невядома. Бо Генрых Грабэ тут быў пахаваны ў 1916 годзе, а даты смерці Лізаветы на помніку няма. Магчыма, яна наогул тут не пахаваная».

Незвычайны гэты помнік яшчэ таму, што ў яго сярэдзіне ёсць выява грыба.

«Натуральна, што гэты грыбок нёс нейкую сэнсавую нагрузку. Абрэзаныя галіны на помніку абазначаюць, што перарваўся род, а вось што мог значыць грыбок, невядома».

Яшчэ ў падмурку помніка выбіты кранальны надпіс:

«Милый друг, твоя могила

сколько слез мне принесла,

сколько горя причинила

в жизни радость отняла».

«Наогул, помнікі з кранальнымі запісамі, напісанымі часта ад рукі, — гэта асобная гісторыя на гэтым некропалі».

Агароджа з труб, крыж з шасцяронкаў

Сярод помнікаў на Вайсковых могілках шмат такіх, якія ставіліся падчас вайны. Тады не было магчымасці аформіць надмагілле або замовіць крыж ці агароджу. У такіх помнікаў таксама свая гісторыя.

Напрыклад, помнік, на якім ад часу ўжо амаль не відаць аніякага надпісу. Але ён варты ўвагі таму, што ў яго незвычайная агароджа.

«Па ўсім відаць, што гэта зусім і не агароджа. Гэта быў балкон. Відаць, у людзей не было грошай замовіць агароджу, таму яны знялі яе з балкона сваёй кватэры».

Яшчэ адно цікавае рашэнне з агароджай можна ўбачыць на магіле мінчанкі Антаніны Мандрукевіч, якая памерла ў лютым 1946 года.

Сваякі зрабілі агароджу з вадаправодных труб.

Рабілі з падручных сродкаў не толькі агароджы, але і крыжы.

Напрыклад, крыж на магіле мінчука Валянціна Агеенкава ўласнаручна рабіў яго бацька Парфён.

«Парфён Агеенкаў працаваў на чыгунцы, адтуль, відаць, і ўзяў шасцярні, каб зрабіць крыж па сыне, які памёр у 1944 годзе. Да сёння захаваўся і надпіс на металічнай таблічцы, які рабіў сам Парфён ад рукі: «Спи спакойна дорогой сын вечная память тебе».

Помнік ахвярам мінскай трагедыі, якая здарылася ў 1946 годзе

У самым куце Вайсковых могілак асобна стаіць велічны помнік, на якім пералічаныя 27 імёнаў з указаннем узросту памерлых: ім было ад 15 да 28 гадоў.

Ніякіх пазнак на помніку няма — хто гэтыя маладыя людзі, чаму яны пахаваныя ў адной магіле і калі яны памерлі?

На плошчы Свабоды ў Гасцінным двары 3 студзеня 1946 года ладзілася першая пасляваенная ёлка для дзяцей. На яе запрасілі выдатнікаў вучобы, актывістаў, дзяцей высокапастаўленых чыноўнікаў. Здарыўся пажар. Некаторыя выжылі толькі дзякуючы таму, што скакалі з вокнаў трэцяга паверха. Дзеці, падлеткі ламалі ногі, але засталіся жывымі. Дакладная колькасць памерлых невядомая і сёння. Некаторыя бацькі пазнавалі, што іх дзеці загінулі на пажары толькі па адным бранзалеце, які застаўся на папялішчы.

Па сведчаннях, 3 студзеня 1946 году на навагодняй ёлцы на плошчы Свабоды загінула больш за сто маладых людзей.

Помнік зроблены ў духу тых часоў. Ніякага напаміну пра трагедыю. Адчуванне, быццам помнік ваеннага часу.

Беларускамоўны літаратурны куток

Павел Каралёў падыходзіць да той часткі могілак, дзе пахаваныя вядомыя беларускія літаратары.

«Я не ведаю, як вылучыць асобна помнік Паўлюку Трусу, а помнік Кузьму Чорнаму не ўзгадаць, таму хай у маю пяцёрку пахаванняў, на якія трэба звярнуць увагу на Вайсковых могілках, будзе ўключаны гэты куточак».

«Літаратурны» куток месціцца справа ад цэнтральнай алеі. Тут пахаваны Міхась Клімковіч.

«Міхась Клімковіч узначальваў Саюз пісьменнікаў, быў аўтарам слоў гімна Беларусі. Вершаваныя радкі выбітыя на помніку:

Мы будзем жыць вечна: у славе народа, 
У кожным здабытку, ў мясцінцы любой 
Ёсць наша цаглінка, ёсць наша работа, 
Як мёд ёсць у кветцы любой палявой».

Тут жа пахаваныя пляменніца Янкі Купалы Ніна Раманоўская, Вера Лютава, Валянцін Таўлай, Алесь Гурло

«Я б хацеў узгадаць і помнік мастаку Янкелю Кругеру і гісторыку Івану Хозераву. Але што гаварыць, калі кожная магілка, кожны надпіс на ёй, кожная выява, кожная дэталь — гэта адлюстраванне самага драматычнага перыяду ў гісторыі Беларусі».

На Вайсковых могілках рэжуць дрэвы і мяняюць 3000 надмагілляў. Сярод іх гістарычна каштоўныя

Пракуратура прыпыніла работы на Вайсковых могілках

Наталля Тур, фота аўтара

Каментары
Вiталь А. / Адказаць 11.09.2018 / 10:17

Павел, вялікі вам дзякуй за такую неверагодную працу. Мо цяпер яна і не бачна, не цэніцца. Але пройдзе час і вартасць вашае працы будзе велізарнай. 


0
Доналд / Адказаць 11.09.2018 / 10:29

Вельмі цікава

0
хамса / Адказаць 11.09.2018 / 10:32

ад помнікаў у выглядзе спілаваных ствалоў дрэў я ў захапленні.. не люблю гэтыя чорныя змрочныя з крыжамі, што зараз паўсюль.. звадзіла нядаўна малога на гэтыя могілкі.. дзялюся з ім сваім захапленнем ад помнкаў у выглядзе дрэў, ён кажа:
- мам, а самы лепшы помнік у леніна
- ахаха, сапраўды.. ён жа пад зямлёй - лічы пахаваны, а зверху ў яго гіганцкі помнік-маўзалей
цікава думка працуе ў малога) а то ўсё кажуць пахаваць леніна.. а ён жа і так пад зямлёй)

0
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў