Праект партала
Наша страва У егіпецкай грабніцы II тысячагоддзя да нашай эры знайшлі сыр

Рэчыва ўзростам больш за 3200 гадоў, знойдзенае археолагамі ў егіпецкай грабніцы, аказалася адным з самых старых у свеце сыроў, піша Бі-Бі-Сі.

Фота University of Catania and Cairo University

Рэчыва выявіла некалькі год таму каманда археолагаў, якая працавала ў грабніцы старажытнаегіпецкага саноўніка Птахмеса. Ён служыў фараонам XIX дынастыі (уладарылі ў Егіпце з 1320 па 1200 гг да н.э.) і кіраваў горадам Мэмфіс.

У адной з гліняных пасудзін археолагі заўважылі ўсохлую бялёсую масу. Яны былі ўпэўненыя, што гэта была ежа, але якая менавіта, не разумелі.

Тое, што гэта быў 3200-гадовы сыр, стала зразумела толькі пасля даследавання. Яго вынікі апублікаваныя ў «Часопісе аналітычнай хіміі».

Гэта значнае адкрыццё, бо раней у навукоўцаў не было ніякіх сведчанняў таго, што старажытныя егіпцяне рабілі сыр.

«Гэта, верагодна, самыя старажытныя цвёрдыя рэшткі сыру, знойдзеныя падчас археалагічных раскопак», — каментуе знаходку доктар Энрыка Грэка з Катанійскага ўніверсітэта, які праводзіў хімічны аналіз разам з егіпецкімі калегамі.

«Мы ведаем, што ён быў зроблены пераважна з авечага і казінага малака, але мне вельмі цяжка ўявіць, якім ён быў на смак», — дадае італьянскі даследчык.

Як лічыць гісторык сыраробства і прафесар хіміі Пол Кінстэд, старажытны сыр, хутчэй за ўсё, быў вельмі кіслым — ці нават кіслотным — на смак.

Навукоўцы сцвярджаюць, што знайшлі ў сыры сляды бактэрыі — узбуджальніка бруцэлёзу. Гэта захворванне перадаецца чалавеку, апроч іншага, праз непастэрызаванае малако.

Бруцэлёз можа паразіць амаль усе органы — ад вачэй да апорна-рухальнага апарата. Захворванне існуе і ў нашым тысячагоддзі. Калі пацвердзіцца, што знойдзены менавіта бактэрыі-брусцэлы, гэта будзе сведчаннем самага старажытнага з вядомых выпадкаў заражэння гэтай хваробай.

nn.by

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў