Праект партала
Адкуль наш род Архівы СБУ цяпер даступныя і беларусам: гэта амаль 4 мільёны спраў14

Пра тое, што можна знайсці ў архівах Службы бяспекі Украіны, піша гісторык Зміцер Дрозд.

Калі чалавеку, які вывучаў гісторыю яшчэ па савецкіх падручніках, задаць пытанне: «Хто кіраваў СССР?» — то, напэўна, мы атрымаем спіс: Ленін, Сталін, Хрушчоў, Брэжнеў і г.д. Аднак нават у саміх лідараў партыі на гэты конт маглі быць іншыя меркаванні. Так Мікіта Хрушчоў у сваіх мемуарах пісаў: «Органы бяспекі, якія павінны быць пад кантролем партыі, сталі, наадварот, над партыяй, над выбарнымі арганізацыямі і тварылі, што хацелі». І чым больш я вывучаю дакументы архіваў КДБ, тым больш пераконваюся ў праваце гэтых слоў.

Лідары партыі ўсіх узроўняў: Палітбюро, ЦК КПСС, Вярхоўны Савет, З'езды партыі і народныя дэпутаты — усё гэта для выгляду сацыялістычнага народаўладдзя. А сапраўдныя рухальныя сілы тады (і цяпер) заставаліся за кулісамі. Вельмі часта пытанне: каму жыць, а каму памерці, вырашаў нейкі дробны сяржанцік дзяржаўнай бяспекі, вызначаючы лёс не толькі простых сялян, але і міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, палкаводцаў і дзеячаў культуры. Таму зразумець гісторыю нашага савецкага мінулага без поўнага і свабоднага доступу да архіваў спецслужбаў немагчыма.

Усе тры дырэктары архіва СБУ (калісьці архіў КГБ Украінскай ССР): былыя Уладзімір Вятровіч (цяпер дырэктар Інстытута нацыянальнай памяці Украіны) і Ігар Кулык (цяпер дырэктар упраўлення ІНП) і цяпер дзейны дырэктар Андрэй Кагут адзначаюць, што з усяго дэкамунізацыйнага пакета, прынятага пасля Рэвалюцыі годнасці ва Украіне, з самым моцным супрацівам быў сустрэты не закон аб прызнанні УПА, не закон аб дэмантажы помнікаў камуністычным правадырам, забароне вытворчасці і распаўсюджвання камуністычнай сімволікі і перайменаванні вуліц, а закон… «Аб доступе да архіваў рэпрэсіўных органаў камуністычнага таталітарнага рэжыму 1917—1991 гадоў». Гучала нават здагадка, агучаная ў тым ліку і дэпутатамі Вярхоўнай Рады, што, калі б гэты закон ішоў не ў агульным пакеце, адкрыта галасаваць супраць якога мог толькі заўзяты камуніст, а асобна, ён не быў бы прыняты. Чаму так?

Вылучаліся розныя версіі: страх былых супрацоўнікаў, агентаў, сексотаў і інфарматараў, што пасля адкрыцця архіва КДБ іх імёны стануць вядомыя ўсяму свету. А трэба ўлічваць, што савецкая эліта (не толькі партыйная, камсамольская і чэкісцкая, але і культурная, навуковая і іншая) у многіх рэспубліках з развалам СССР зусім не растварылася, а да гэтага часу грае не апошнія ролі. Зрэшты, часта ўжо не яны самі, а іх дзеці і ўнукі, карыстаючыся «высокім стартам», кіруюць прадпрыемствамі, бізнэсамі, СМІ, культурай і навукай, і ніхто з іх не хоча, каб стала вядома, якім шляхам у савецкія часы людзі падымаліся на свае вяршыні ва ўсіх сферах жыцця. А, каб падняцца на гэтую вяршыню, часта было недастаткова гучней за ўсіх крычаць: «Знішчыць, як шалёных сабак», але і трэба было папісваць час ад часу справаздачы аб паводзінах сваіх калегаў, сяброў, а часам нават родных. 

Але няўжо ж хтосьці стане адкрыта гаварыць пра падобныя прычыны? Хіба зможа хтосьці выступаць супраць адкрыцця архіваў КДБ, бо на яго адразу ж пакажуць апаненты: маўляў, на злодзею і шапка гарыць. Хіба хтосьці стане адкрыта сцвярджаць, што адкрыццё архіваў КДБ — гэта сапраўдны асінавы кол, убіты ў грудзі злачыннай бальшавіцкай ідэалогіі. І гэта ў дзясяткі разоў больш эфектыўна, чым знешне эфектны знос помнікаў, якія заўсёды можна будзе паставіць зноўку, калі раптам да ўлады прыйдуць прыхільнікі Сталіна. Таму і агучваліся ў асноўным высакародныя прычыны накшталт таго, што поўнае адкрыццё архіваў пацягне помсту нашчадкаў нявінна рэпрэсаваных нашчадкам катаў або стукачоў. Дарэчы, гэтая прычына гучыць і ў сучаснай Беларусі, хоць гэтыя страхі не маюць ніякіх доказаў у краінах, дзе архівы ўжо адкрытыя. Не апраўдаліся і страхі сучасных агентаў і стукачоў:

аказалася, што справы 1980-х захаваліся значна горш, чым справы 1930-х. Хтосьці паспеў старанна ўсё падчысціць нават ва Украіне

(тым больш у Беларусі, дзе савецкая ўлада ніколі не перарывалася), знішчыць або вывезці ў Маскву. Дакладна вядома, што такія знішчэнні рабіліся па спецыяльных загадах з цэнтра ў 1944, 1953, 1954 і 1990 гадах.

У нейкай меры ва Украіне з архівамі КДБ (а архівы СБУ — гэта самае вялікае сховішча сакрэтных дакументаў, нават большае, чым у нямецкай «Штазі») адбыўся сапраўдны цуд: архіў СБУ ўзначалілі не толькі гісторыкі і патрыёты Украіны, але, перш за ўсё, не «людзі сістэмы». Прычым гаворка тут не толькі пра сістэму КДБ, што зрабіла б любыя рэформы немагчымымі, але і пра сістэму закасцянелых архіўных чыноўнікаў.

Менавіта яны з'яўляюцца асноўным тормазам таго, каб падобная рэвалюцыя адбылася і ў звычайных архівах: там па-ранейшаму тое ж балота, што і да Рэвалюцыі годнасці, нягледзячы на новыя законы. Банальная ісціна: любое абмежаванне або забарона — гэта лепшая глеба для росквіту карупцыі, а, значыць, магчымасць зарабіць. Здавалася б, якая карупцыя можа быць у архівах? Ды такая ж, як і паўсюль. Напрыклад, забарона фатаграфаваць у чытальнай зале сваім фотаапаратам (хоць гэта ўжо дазволена ўкраінскімі законамі) па-ранейшаму прымушае даследчыка шукаць шляхі да сэрцаў архіўнага «цэрбера»: ад шакаладкі да хабару.

А ў архіў СБУ прыйшлі людзі з цалкам новым для постсавецкіх рэспублік еўрапейскім дэвізам: «Усё адкрыта для ўсіх!»

Трэба табе справа рэпрэсаванага — калі ласка! Трэба справа яго ката — глядзіце, фатаграфуйце, даследуйце, пішыце артыкулы і кнігі (і ўжо цяпер ва Украіне бачны рост як папулярнай, так і навуковай літаратуры, заснаванай на архіўных дакументах, а не на савецкай міфалогіі). Патрэбныя загады з цэнтра, з разнарадкамі па забойствах і арыштах — глядзі! Дарэчы, гэты апошні — агульнасаюзнага значэння, у архіве СБУ захавалася каля 80% ад іх агульнай колькасці, што робіць смешным і бескарысным захоўванне падобных дакументаў пад грыфамі «сакрэтна» ў іншых архівах КДБ былога Саюза. Усё цалкам бясплатна для ўсіх ахвотных незалежна ад грамадзянства.

Ці можа быць абмежаваны доступ да нейкай інфармацыі? Так, але толькі калі сам рэпрэсаваны або яго нашчадак пра гэта папросіць, ды і то толькі на абмежаваны час. Ні адзін супрацоўнік НКВД, кат або агент не можа абмежаваць доступ да інфармацыі аб сваіх злачынствах.

І гэта сапраўдная рэвалюцыя, бо да гэтага часу архівы спецслужбаў, у тым ліку і архіў КДБ Беларусі, значна больш клапоцяцца пра правы сваіх былых супрацоўнікаў і саўдзельнікаў, чым аб праве іх ахвяр ведаць усю праўду пра тое, што здарылася.

У тым ліку і прозвішчы тых, хто фабрыкаваў крымінальныя справы, катаваў, падпісваў оптам дакументы пра расстрэлы ў «тройках», і тых, хто націскаў на спускавы кручок пісталета. Ёсць надзея з гэтых спраў даведацца і месца, дзе цела расстралянага было аддадзена зямлі. У нас жа, нават калі вам пашчасціць атрымаць справу свайго блізкага ў архіве КДБ, уся гэтая інфармацыя будзе ад вас схаваная. Зараз архіў СБУ знаходзіцца на стадыі рэарганізацыі: прынята рашэнне, што амаль усе фонды спецслужбаў УССР будуць сабраны ў адным месцы — Дзяржаўным архіве Украінскага інстытута нацыянальнай памяці (частка застанецца ў рэгіёнах). Ужо цяпер ідзе пошук аднаго будынка, здольнага выконваць функцыю архіва і змясціць усе справы: а іх, ні больш ні менш, 3.800.000, або ў пераводзе на прынятую ў Еўропе адзінку вымярэння: 150 кіламетраў архіўных паліц! Сам жа архіў СБУ на сёння налічвае каля 220,000 спраў савецкага перыяду, разбітых на 49 фондаў. Напрыклад, 5 і 6 фонды — гэта крымінальныя справы на рэпрэсаваных, як рэабілітаваных, так і не рэабілітаваных (каля 95.000 адзінак захоўвання); 9 фонду — нарматыўна-распарадчыя дакументы, як УССР, так і СССР (каля 2.500 спраў); 12 фонд — асабістыя справы супрацоўнікаў (каля 90.000 спраў).

Зрэшты, кожны можа самастойна вывучыць фонды архіва СБУ — адным з галоўных дасягненняў апошніх гадоў кіраўніцтва архіва лічыць менавіта тое, што спецыялістам удалося стварыць даведнік. Яго свабодна можна спампаваць з сайта. З вялікай доляй імавернасці можна сцвярджаць, што падобная структура тыповая для ўсіх архіваў КДБ былога СССР, у тым ліку і Беларусі.

Ёсць у гэтых фондах і справы, якія будуць цікавыя беларусам, што ўжо пацвярджае сваімі знаходкамі ва ўкраінскіх архівах КДБ беларускі гісторык і пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка. Як адказвае на пытанне, ці чакаюць нас адкрыцці, дырэктар архіва СБУ Андрэй Кагут: «Так, нас чакаюць і сенсацыі. Але ў асноўным нас чакае карпатлівая праца над вывучэннем новых крыніц. Цяпер сітуацыя шмат у чым такая, што мы нават да канца не можам ахапіць увесь масіў архіўных дакументаў, якія сталі даступныя… Адкрыцці магчымыя, і яны ўжо адбываюцца, большасць з іх супярэчаць расейска-савецкаму бачанню гісторыі. Трэба прыняць да ўвагі, што вельмі шмат гістарычных ведаў аб нашым мінулым, як зрэшты і пра мінулае Беларусі, прыйшло на Захад з Расіі. Таму недастаткова проста зрабіць адкрыццё. Трэба быць гатовым весці доўгую дыскусію аб нашай гісторыі».

Свабодны доступ да архіваў КДБ — гэта не толькі магчымасць разбурыць савецкія міфы і стаць значна бліжэйшымі да ісціны. Гэта і рэалізацыя аднаго з асноўных правоў чалавека — права на інфармацыю, а таксама адзін з асноўных прынцыпаў у барацьбе з беспакаранасцю. Аднак трэба памятаць і крылаты выраз, размешчаны на фасадзе Нацыянальнага архіва ЗША: «Дэмакратыя пачынаецца тут».

Зміцер Дрозд

Каментары
руплівец / Адказаць 20.10.2017 / 12:14

Тэкст сп. Дразда надзвычайна яркі, як і тое, што ў гэтым тэксьце! Тое, што зрабілі архівісты Украіны, - сапраўдны подзвіг. І ў практыцы архіўных традыцый, і ў паспалітай сьвядомасьці. 

0
Мордехай В. / Адказаць 20.10.2017 / 13:33

Выдатна. 


0
инопланетный гость / Адказаць 20.10.2017 / 14:04

у нас такое невозможно.

4
каментаваць

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні

СПЕЦПРАЕКТ0 матэрыялаў